Новы міністар юстыцыі і генпракурор ЗША кажа пра змаганьне зь нелегальнымі мігрантамі

Джэф Сэшнс

Джэф Сэшнс прыведзены да прысягі і заняў пасаду міністра юстыцыі і генэральнага пракурора ЗША.

Выступаючы на цырымоніі ў Вашынгтоне, ён заявіў, што прыйшоў час пакласьці канец наплыву нелегальных імігрантаў, а таксама адзначыў небясьпеку няспыннага росту злачыннасьці ў краіне.

У сераду кандыдатуру Джэфа Сэшнса, прапанаваную прэзыдэнтам Дональдам Трампам, зацьвердзіў Сэнат.

У якасьці кіраўніка міністэрства юстыцыі Сэшнс стане галоўным дарадцам прэзыдэнта па юрыдычных пытаньнях. Ён таксама ўзначаліць групу юрыстаў, якія абараняюць у судзе прэзыдэнцкі ўказ аб часовай забароне ўезду ў ЗША грамадзян сямі краін. Дзеяньне ўказу было прыпынена фэдэральным судзьдзём Джэймсам Робартам. Хадайніцтва аб адмене гэтага рашэньня цяпер разглядае фэдэральны апэляцыйны суд.