Хударлявасьць замест шчасьця

Наста Захарэвіч

Як жа хочацца ўсё спрасьціць і знайсьці унівэрсальны рэцэпт шчасьця. І сучасны заходні сьвет прапаноўвае нам гэтыя рэцэпты адзін за адным, але з унівэрсальнасьцю ёсьць пэўныя праблемы.

Якая можа быць радасьць ад новай сукенкі, калі яе памер большы за 42?

Найбольш папулярнае клішэ ў масавай культуры адносна шчасьця — гэта хударлявасьць як ягоная абавязковая аснова. Усе астатнія «традыцыйныя» спосабы стаць шчасьлівай — выйсьці замуж, адрасьціць густыя валасы, нарадзіць дзяцей, адбяліць зубы, зрабіць манікюр, набыць прыгожую сукенку, трымаць хату ідэальна чыстай — працуюць у якасьці дадатку. Якая можа быць радасьць ад новай сукенкі, калі яе памер большы за 42? Такая сукенка мусіць мець толькі адну функцыю — візуальна зьмяншаць аб’ёмы цела.

Але ж калі схуднець да пэўнага памеру, дык усё ў жыцьці мусіць «зайграць новымі фарбамі» — зьявіцца ўпэўненасьць у сабе, родныя перастануць сьмяяцца з тваіх мараў, гадавая справаздача на працы напішацца самастойна, хутка знойдзецца ідэальны партнэр, замест здымнай аднапакаёўкі зьявіцца ўласны катэдж, а касмэтычныя кампаніі будуць рэгулярна дасылаць падарункі.

Толькі на самой справе схудненьне — гэта не чароўная палачка фэі, якая прыносіць абсалютнае шчасьце, і зьмяншэньне лічбаў на вагах само па сабе ўвогуле нічога не мяняе. Хіба што прыносіць дадатковыя выдаткі: калі схуднець больш-менш заўважна, давядзецца зьмяняць вопратку, бо старая будзе папросту надта вялікая.

Калі заўвагі ў стылі «Табе б схуднець» шмат хто саромеўся рабіць адкрыта, то ад «Ты так схуднела! Ваў! Раскажы, як?» было ўжо не схавацца.

Калі я досыць рэзка схуднела на 20 кіляграмаў, мне таксама здавалася, што цяпер усё будзе інакш. Прынамсі, я была ўпэўнена, што размоваў пра маё цела паменее, і навакольных стане больш цікавіць мая праца і мая асоба ўвогуле. Але гэтых размоваў ня стала меней — хутчэй, наадварот. Бо калі заўвагі ў стылі «Табе б схуднець» шмат хто саромеўся рабіць адкрыта, то ад «Ты так схуднела! Ваў! Раскажы, як?» было ўжо не схавацца.

У адпаведнасьці зь негалоснай сацыяльнай дамовай я мусіла шчасьліва ўсьміхацца і, крыху саромеючыся, дзякаваць за камплімэнт. Але калі шчыра, то мне было ня надта прыемна ад таго, што тэма маёй вагі стала нібыта яшчэ больш важнай, чым раней. Калі кагосьці раней не цікавілі мае пляны на магістарскую дысэртацыю, працоўныя праекты і посьпехі ў лячэньні дэпрэсіі, дык ня сталі цікавіць і цяпер. Гэтым людзям было шчыра цікава, ці ела я пасьля шасьці вечара і як прымушала сябе не набываць салодкае.

Змагацца з анарэксіяй і паталягічным атлусьценьнем — справа дактароў, у той час як задача родных і сяброў хворага чалавека — паказваць клопат і любоў незалежна ад масы цела чалавека.

Безумоўна, бываюць выпадкі, калі са зьменай вагі наўпрост зьменіцца якасьць жыцьця. Але гэта тычыцца толькі саміх гэтых людзей і іх лекараў. Змагацца з анарэксіяй і паталягічным атлусьценьнем — справа дактароў, у той час як задача родных і сяброў хворага чалавека — паказваць клопат і любоў незалежна ад масы цела чалавека. А ўсе гэтыя паўсядзённыя «табе трэба сачыць за сабой» — гэта зусім не пра клопат. Мне аднойчы сказалі, што, калі я схуднела, то стала добрай дзяўчынкай. То бок мая вартасьць як асобы наўпрост прывязалі да кіляграмаў, а дакладней, да іх адсутнасьці. Калі прымяняць такі падыход да самой сябе, то схудненьне не прынясе нічога, акрамя ўвесьчасных хваляваньняў. А імкнуліся ж першапачаткова да шчасьця.

Увогуле, тэму масы цела часта зьвязваюць з тэмай здароўя вельмі дзіўным чынам і блытаюць месцамі прычыну з наступствамі. У той час, як атлусьценьне можа быць вынікам пэўных паталягічных працэсаў, што адбываюцца ў арганізме, дактары нярэдка сьпісваюць любыя скаргі і сымптомы на вялікую вагу. На жаль, аб’ектыўна немагчыма падлічыць, як часта людзі не атрымліваюць патрэбнай дыягностыкі і лекаваньня менавіта з-за гэтай памылкі.

Калі я казала, што стала моцна набіраць вагу, хоць і харчуюся збольшага правільна, мне паверыла і прызначыла патрэбныя абсьледаваньні толькі пятая доктарка. Першыя чатыры казалі, што я хлушу, што ўсё пройдзе пасьля родаў, што трэба дзясяты раз пераздаць базавыя аналізы, а загадчыца гінэкалёгіі студэнцкай паліклінікі нават параіла прымаць гамэапатычны прэпарат. Добра, што хоць пятая доктарка памятала пра пратаколы абсьледаваньняў, і ўся гэтая гісторыя аказалася, па вялікім рахунку, са шчасьлівым канцом.

Але так шанцуе ня ўсім, і іншыя жанчыны гадамі спрабуюць розныя схемы харчаваньня, чароўныя масажы, праграмы трэніровак і расчароўваюцца раз за разам, адначасова ўпэўніваючы саміх сябе ў слабахарактарнасьці і недахопе жаданьня. Таксама яны нярэдка пачынаюць верыць у тое, нібыта ўсе іх праблемы — ад «лішніх» кіляграмаў. І чым бы ні скончылася іх змаганьне з самімі сабой, у фінале заўжды будзе расчараваньне. Калі кіляграмы ня зьнікнуць, дык ня зьнікнуць і прэтэнзіі да нібыта бесхарактарнасьці. А калі схуднець усё ж атрымаецца, дык наперадзе чакае вялікі сюрпрыз: сьвет застанецца такім жа недасканалым.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.