Разьмяшчэньне сілаў НАТО ў Літве выразна дэманструе, што заходні ваенны альянс моцны і адзіны, заявіла ў аўторак прэзыдэнт краіны Даля Грыбаўскайце падчас цырымоніі з нагоды прыбыцьця нямецкага батальёна ў горад Рукла.
«Літва яшчэ ніколі не прымала на сваёй тэрыторыі вайсковыя сілы такога маштабу і такога ўзроўню арганізацыі. Гэта зьяўляецца выразным і важным сыгналам для ўсіх, што НАТО моцная і адзіная», — сказала Грыбаўскайце.
Міністарка абароны Нямеччыны Урсула фон дэр Ляен, прысутная на цырымоніі, заявіла, што разьмяшчэньне танкаў і іншай ваеннай тэхнікі ў Літве паказвае, што балтыйская краіна не самотная.
Армія Нямеччыны ў мінулым месяцы пачала адпраўляць цягнікамі ў Літву каля 200 транспартных сродкаў, у тым ліку 30 танкаў, а таксама 450 вайскоўцаў.