Fox News: Амэрыканскі бізнэсовец хоча з дапамогай Трампа вярнуць пярсьцёнак, які ў яго забраў Пуцін

Робэрт Крафт, уладальнік каманды амэрыканскай футбольнай лігі «New England Patriots», расказаў тэлеканалу Fox News, што ня траціць надзеі вярнуць сабе пярсьцёнак пераможцы Супэркубка, які прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін узяў у яго яшчэ ў 2005 годзе.

Крафт дадаў, што разьлічвае ў гэтай справе на дапамогу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, зь якім яны ў добрых адносінах.

Паводле Крафта, у 2005 годзе падчас сустрэчы з Ўладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу, ён даў расейскаму прэзыдэнту памераць гэты пярсьцёнак коштам 25 тысяч даляраў і не атрымаў яго назад. Пуцін нібыта адказаў яму: «Я мог бы забіць некага гэтым пярсьцёнкам». І потым, паводле вэрсіі Крафта, расейскі прэзыдэнт паклаў пярсьцёнак у кішэню і адышоў у суправаджэньні трох агентаў аховы.

Крафт кажа, што зьвяртаўся ў адміністрацыю тагачаснага прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага яшчэ ў той час, каб яму дапамаглі вярнуць пярсьцёнак. Там яму нібыта сказалі, што ў інтарэсах амэрыканска-расейскіх адносін было б добра, каб ён схацеў падараваць гэты пярсьцёнак. На гэта Крафт кажа: «Але я не хацеў [падараваць]. У мяне эмацыянальная прывязанасьць да гэтага пярсьцёнка, на ім маё імя. Я не хачу пабачыць яго на eBay».

Крафт сказаў Fox News, што ён гатовы зрабіць яшчэ адзін такі пярсьцёнак і выгравіраваць на ім імя Пуціна, каб абмяняць яго на свой. У гэтым абмене, паводле Крафта, яму мог бы дапамагчы Дональд Трамп, калі сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным.