Бальшавіцкі тэрор у школьных падручніках гісторыі Беларусі зноў стаў «белай плямай»

Свабода прапануе агляд зьвестак пра сталінскія рэпрэсіі ў школьных падручніках гісторыі Беларусі, выдадзеных Міністэрствам адукацыі з 1992-га па 2015 год.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці на пачатку 1990-х гадоў падручнікі па гісторыі Беларусі зьмяніліся. У іх зьявіліся тэмы, якія немагчыма было ўявіць у падручніках савецкага пэрыяду.

У так званым «бела-чырвона-белым» падручніку 1993 году выданьня ўпершыню пісалі пра сталінскія рэпрэсіі. У падручніку 1997 году ўпершыню зьявіліся зьвесткі пра маштаб рэпрэсіяў: у 30–40-х гадах у Беларусі рэпрэсавалі каля 600 тысяч чалавек. У падручніку 2015 году колькасьць рэпрэсаваных зьменшылася да 90 тысяч чалавек.

1992 — 1993 гады

История Беларуси. ХХ век. Учебное пособие для 10-11 классов средней школы под редакцией доктора исторических наук, профессора В.Н. Сидорцова. М.О. Бич, В.Н. Сидорцов, В.М. Фомин. Минск, «Народная асвета», 1992.

У гэтым падручніку яшчэ не было істотных зьменаў у параўнаньні з «Гісторыяй БССР». Ён фактычна быў перадрукаваны з падручніка 1989 году выданьня — з асьцярогай і аглядкай на Маскву.

Аднак у лютым 1993 году на гістарычным факультэце БДУ адбылася Ўсебеларуская канфэрэнцыя гісторыкаў, дзе вырашана было пісаць дэідэалягізавана і дэпартызавана.

У 1993 годзе ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі падручнік гісторыі Беларусі быў надрукаваны на роднай мове.

Сідарцоў У.Н., Фамін В.М. Гісторыя Беларусі: 1917-1992: Вучэб. дапам. для 9-га кл. сярэд. шк. — Мн.: Нар. асвета, 1993. — 319 с.

Яго яшчэ называюць «бел-чырвона-белым».

У школьным падручніку 1993 году ўпершыню зьяўляюцца параграфы, прысьвечаныя тэме рэпрэсіяў, раскрываецца мадэль савецкага таталітарнага грамадзтва 30–40-х гадоў ХХ стагодзьдзя, выкрываюцца бюракратычная сыстэма грамадзка-палітычнага жыцьця, культ асобы Сталіна, расказваецца пра масавыя рэпрэсіі.

Менавіта ў гэтым падручніку больш разгорнута і непрадузята прадстаўлены сьпіс людзей і дзеячоў культуры і навукі, рэпрэсаваных сталінскай машынай тэрору. У ім ёсьць і сьпіс датычных да рэпрэсіяў чыноўнікаў. Пазьней гэты сьпіс будзе скарачацца.

Вось цытата з параграфа падручніка 1993 году: «Сярод катаў беларускага народа — былыя наркамы НКУС БССР Г.А. Малчанаў, Б.Д. Берман, А.А. Наседкін, Л.Ф.Цанава». У больш позьніх падручніках гэтыя імёны ўжо ня згадваюцца.

Былыя наркамы НКУС БССР (зьлева направа) Л.Ф.Цанава, Б.Д. Берман, Г.А. Малчанаў, А.А. Наседкін

У наступным параграфе «Палітыка „культурнай рэвалюцыі“. Уціск нацыянальнай культуры» школьнікі даведваюцца пра нацыянал-дэмакратызм, у якім абвінавачвалі айчынную інтэлігенцыю, пра сфабрыкаваную справу «Саюзу вызваленьня Беларусі».

«У 1931 г. быццам за прыналежнасьць да яе [гэтай арганізацыі] было асуджана 90 чалавек, галоўным чынам работнікаў культуры, навукі, мастацтва і шэрагу наркаматаў рэспублікі. Сярод іх — наркам асьветы А.В. Баліцкі, намесьнік дырэктара выдавецтва „Беларусь“ П.В. Ільлючонак, наркам земляробства Д.Ф. Прышчэпаў. Роля кіраўніка СВБ адводзілася народнаму пісьменьніку Янку Купалу».

Янка Купала

У гэтым падручніку згадваецца лёс У.І. Пічэты, першага рэктара БДУ, і прыводзіцца лічба — «больш за 50 беларускіх пісьменьнікаў, якія загінулі ў гады савецкіх рэпрэсіяў». Тут зьяўляюцца і некаторыя падлікі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

«Рэпрэсіі працягваліся. Ужо само выкладаньне на беларускай мове магло быць пастаўленае ў віну і кваліфікаванае як „нацдэмаўшчына“ Так здарылася з рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту У.І. Пічэтам. У лягерах і турмах загінула больш як 50 пісьменьнікаў, у тым ліку тыя, хто стаялі ля калыскі сучаснай беларускай літаратуры — Максім Гарэцкі, Уладзіслаў Галубок, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар, Платон Галавач і інш. Акадэмія навук БССР страціла большую палавіну навукоўцаў. Значныя страты панесьлі работнікі мастацтва і настаўнікі. Астатняя частка інтэлігенцыі вымушана была стаць на шлях прыстасавальніцтва да рэжыму».

1997 год

Сідарцоў У.Н. Гісторыя Беларусі. 1917-1996: Вучэб. дапам. для 9-га кл. / У.Н. Сідарцоў, В.М. Фамін, С.В. Паноў, пад рэд. М.С. Сташкевіч. — Мн.: Нар. асвета, 1997. — 192 с.: іл.

У падручніку, выдадзеным у 1997 годзе, упершыню зьяўляюцца тэрміны «культ асобы», «таталітарны рэжым» і даецца іх тлумачэньне.

Як і ў папярэднім падручніку 1993 году, параграф называецца: «Усталяваньне таталітарнага рэжыму. Культурныя пераўтварэньні».

Зьяўляюцца рубрыкі «Гістарычны факт», «Пункт гледжаньня», «Слова ўдзельніку».

Але зьніклі прозьвішчы і значнай колькасьці «катаў беларускага народу». Засталіся адзінкі: Б. Берман і Л. Цанава. Аднак у рубрыцы «Слова ўдзельніку» ёсьць такія радкі: «Наркам НКУС БССР Б. Берман лічыў, што тэмпы барацьбы з „ворагамі народу“ адстаюць ад паказчыкаў у астатніх рэспубліках. Кожны сьледчы павінен выкрываць ня меней за аднаго арыштаванага на суткі, а лепей — двух».

Паводле падручніка 1997 году, «Культ асобы (лац. Cultus — пакланеньне) — узьвялічваньне ролі аднаго чалавека, прыпісваньне яму вызначальнага ўплыву на ход гістарычных падзеяў».

«Таталітарны рэжым (лац. tatalitas — цэльнасьць, паўната) — форма дзяржаўнай улады, пры якой ажыцьцяўляецца поўны (татальны) кантроль над усімі сфэрамі жыцьця грамадзтва, забаронены дэмакратычныя арганізацыі і ліквідаваны канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян».

Рубрыка «Слова ўдзельніку»: «Роля кіраўніка „Саюзу вызваленьня Беларусі“ адводзілася народнаму пісьменьніку Янку Купалу. Але паэт ня даў магчымасьці справакаваць сабе і, вярнуўшыся дахаты пасьля чарговага допыту ў лістападзе 1930 г., зрабіў спробу самагубства. „Лепш сьмерць фізычная, чым палітычная“, — пісаў ён у перадсьмяротным лісьце да А.Р. Чарвякова».

Рубрыка «Гістарычны факт»: «У 1939 г., у час знаходжаньня на пасадзе кіраўніка НКУС БССР Л. Цанавы, было арыштавана 27 тысяч чалавек. Амаль па 900 чалавек за дзень. Паводле падлікаў вучоных, у 30-40-х гг. было рэпрэсавана каля 600 тыс. чалавек».

Такім чынам, у гэтым падручніку зьявіліся канкрэтныя лічбы ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў.

2002 год

У ХХІ стагодзьдзі назвы параграфаў зьмяняюцца.

Петрыкаў П.Ц. Гісторыя Беларусі: 1917-2001 гг.: Вучэб. дапам. для 9-га кл. агульнаадукац. шк. з бел. і рус. мовамі навучання / П.Ц. Петрыкаў, пер. з рус. мовы В.М. Дударавай, В.В. Заня. — Мн.: Нар. асвета, 2002. — 183 с.: іл.

У падручніку «Гісторыя Беларусі» 2002 году — ужо новы назоў параграфа: «Грамадзка-палітычнае жыцьцё». З «катаў» застаецца адзін толькі Барыс Берман, зьніклі дакладныя лічбы колькасьці ахвяраў таталітарнага рэжыму, якія былі раней, зьяўляюцца агульныя фразы.

«Камуністычная партыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі. Пасьля сьмерці Леніна ў вышэйшым кіраўніцтве партыі і Савецкай дзяржавы пачалася жорсткая барацьба за лідэрства паміж трацкістамі і сталіністамі і, адпаведна, барацьба за шляхі і мэтады далейшага будаўніцтва сацыялізму. Леў Троцкі, які нароўні зь Леніным карыстаўся вялікім аўтарытэтам і ўплывам у партыі і ў краіне, групаваў сваіх паплечнікаў; Іосіф Сталін, выбраны яшчэ пры Леніну Генэральным сакратаром ЦК РКП (б), — сваіх. Паступова супрацьстаяньне паміж імі ўсё больш абвастралася».

«Асабліва шмат крывавых злачынстваў чынілася НКУС БССР пры наркаму Барысу Берману. За грубыя парушэньні законнасьці і беспадстаўныя рэпрэсіі ён быў расстраляны ў 1939 г. Такое ж пакараньне панесьлі многія іншыя адказныя работнікі НКУС рэспублікі».

«Каб захаваць сваё становішча ў кіраўніцтве партыяй і краінай, Сталін і яго найбліжэйшыя паплечнікі Вячаслаў Молатаў (Скрабін), Лазар Кагановіч, Клімент Варашылаў ды інш.) пачалі зьнішчаць усіх сваіх палітычных праціўнікаў. У выніку ў краіне пачаліся рэпрэсіі з палітычных матываў, якія набылі агульнадзяржаўны характар. За трацкістамі надышла чарга эсэраў, меншавікоў ды інш., а таксама так званых „белых“: жандараў, афіцэраў, актыўных удзельнікаў антысавецкіх выступленьняў у грамадзянскую вайну, „нэпманаў“, кулакоў і г.д.».

2012 год

У 2012 годзе зноў выходзіць падручнік на расейскай мове. І ў школах, дзе выкладаньне прадметаў вядзецца па-расейску, пачынаюць выкарыстоўваць рускамоўныя падручнікі гісторыі і геаграфіі Беларусі.

История Беларуси, 1917–1945 гг.: учеб. пособие для 10-го кл. учреждений общ. сред. образования с рус. яз. обучения / Е. К. Новик; автор метод. аппарата В. В. Гинчук; пер. с белорус. яз. Н. Л. Стрехи. — Минск: Нар. асвета, 2012. — 182 с.: ил.

Тут цалкам забытыя ўсе «каты беларускага народу», няма ніводнага прозьвішча. Няма згадкі нават пра НКУС БССР.

Напрыклад, вось як вызначаецца тэрмін «нацыянал-дэмакратызм»:

«Нацыянал—дэмакратызм — кірунак грамадзка-палітычнай думкі, які спалучае агульнадэмакратычныя ідэі і мэты з задачамі сацыяльнага і нацыянальнага вызваленьня прыгнечаных народаў. У Беларусі канца XIX — пачатку XX ст. нацыянал-дэмакратызм уяўляў сабой ідэалёгію і практыку беларускіх нацыянальных дзеячоў, накіраваную на стварэньне беларускай дзяржавы на буржуазнай аснове, усебаковае разьвіцьцё беларускай культуры і мовы, завяршэньне працэсу фармаваньня беларускай нацыі, павышэньне нацыянальнай самасьвядомасьці беларускага народу. У другой палове 1920-х гг. Камуністычнай партыяй і савецкай уладай нацыянал-дэмакратызм быў абвешчаны кулацкім ухілам, контрарэвалюцыйнай плыньню, варожай, антысавецкай ідэалёгіяй і практыкай. Такія абвінавачваньні выліліся ў расправу над беларускімі нацыянальнымі дзеячамі. Яскравым прыкладам зьяўляецца сфабрыкаваная ў 1930 г. справа аб так званым „Саюзе вызваленьня Беларусі“, па якім было арыштавана 108 чалавек. Быў сфабрыкаваны таксама шэраг іншых спраў, па якіх да крымінальнай адказнасьці прыцягнутыя і асуджаныя многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі».

У біяграфіі палітычнага дзеяча Беларусі Мікалая Галадзеда, пакаранага НКУС БССР, няма ніводнага радка, калі і чаму ён загінуў. Біяграфія завяршаецца так: «У 1927–1937 гадах працаваў Старшынём СНК БССР. Ягоным імем названая вуліца ў Менску».

2015 год

У 2015 годзе зноў выйшаў падручнік на расейскай мове. Молчанова, Г.В. История Беларуси. — Мн.: Изд. центр БГУ, 2015

Тэма сталінскіх рэпрэсіяў яшчэ больш скарацілася ў параўнаньні з папярэднім падручнікам 2012 году.

«Нягледзячы на рэпрэсіі, многія людзі верылі, што будуюць справядлівае грамадзтва. Яны ахвотна ўключаліся ў будаўніцтва новага жыцьця. Для гэтага рабочыя, служачыя, моладзь стваралі розныя грамадзкія аб’яднаньні. Да іх адносіліся прафсаюзныя, піянэрскія, камсамольскія і іншыя арганізацыі».

А вось пытаньні, якія задаюць дзецям на дом: «1. Пацікаўцеся ў сваіх бабуль і дзядуляў, ці былі сярод вашых сваякоў рэпрэсаваныя. Што вам вядома пра рэпрэсіі канца 1920-х — 1930-х гадоў з радыё- і тэлеперадач, кіно, кніг».

У гэтым падручніку прыводзяцца зусім іншыя лічбы ахвяраў:

«Ахвярамі палітычных рэпрэсіяў сталі многія жыхары Беларусі. Сярод іх былі людзі, якія сапраўды разумелі, што савецкая ўлада парушае правы чалавека. Але большасьць рэпрэсаваных адчувалі поўны давер да савецкай улады і Сталіна. Па падліках дасьледчыкаў, толькі ў кастрычніку 1935-га — лістападзе 1940 гадоў ахвярамі рэпрэсіяў сталі каля 90 тысяч жыхароў».

Для параўнаньня — цытата з падручніка 1997 году:

«Паводле падлікаў вучоных, у 30-40-х гг. было рэпрэсавана каля 600 тыс. чалавек».

Такім чынам, навукоўцы, якія займаюцца напісаньнем школьных падручнікаў гісторыі Беларусі, паэтапна выкрэсьліваюць трагічныя старонкі гісторыі, зноў уносяць у яе «белыя плямы».

«Мы імкліва скочваемся да савецкай сыстэмы каштоўнасьцяў, дзе чалавек — шрубка...»

Гісторык, архівіст Зьміцер Дрозд выказаў перакананьне, што падручнікі гісторыі — гэта адзін зь найлепшых дэтэктараў стану грамадзтва:

Зьміцер Дрозд

«З дынамікі іхных зьменаў мы бачым ня толькі, як зьмянялася наша грамадзтва, але можам прадказаць, якія зьмены нас могуць чакаць у найбліжэйшай будучыні. На жаль, дынаміка зьменаў асьвятленьня рэпрэсіяў у бок замоўчваньня ці пошуку апраўданьня неабходнасьці мільёнаў ахвяраў нейкімі эканамічнымі ці іншымі посьпехамі, а таксама выбраньне на пасаду міністра адукацыі камуніста, не пакідаюць нам ніякіх ілюзіяў. Мы імкліва скочваемся да савецкай сыстэмы каштоўнасьцяў, у якой чалавек быў усяго толькі шрубкай, а ягоныя правы і свабоды, і нават само жыцьцё і гроша ламанага ня вартыя. Важныя былі лічбы, паказчыкі, пляны, а чалавек — не.

Калі сытуацыя ў краіне ня зьменіцца і мой сын будзе вучыцца па гэтых падручніках, я зраблю ўсё, каб ён ведаў праўду пра рэпрэсіі — пра нашых нявінна забітых продкаў і блізкіх, пра высылку цэлых сем’яў, аднятых зямлі і дамоў, пра дзясяткі чалавечых жыцьцяў толькі ў нашай сям’і, пра тую чалавеканенавісьніцкую сыстэму... І ніякая настаўніца ня зможа яго перапраграмаваць.

Па сутнасьці, падручнік гісторыі павінен вучыць ня толькі гісторыі, але і самому жыцьцю. І галоўным урокам павінна стаць тое, што чалавечае жыцьцё — гэта асноўная каштоўнасьць нармальнай дзяржавы. Усе злачынствы супраць чалавецтва — нацызм або сталінізм — павінны быць асуджаныя».