На наступным тыдні пройдзе візыт прадстаўнікоў Праваабарончага цэнтру «Вясна» і FIDH у структуры Эўрапейскага Зьвязу і Рады Эўропы для абмеркаваньня праблемы сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, паведамляе сайт spring96.
6 і 7 лютага ў Брусэлі разам з праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Андрэем Палудам зь «Вясны» і Сашай Кулаевай з FIDH удзел у сустрэчах з прадстаўнікамі Эўразьвязу возьме спэцдакладчык ААН Міклаш Харасьці.
ЭЗ павінен недвухсэнсоўна заявіць пра сваю пазыцыю, згодна зь якой мараторый на сьмяротнае пакараньне зьяўляўся б адным з „асноўных рэальных крокаў“, якія вызначаюць будучую палітыку ЭЗ у дачыненьні да Беларусі.
На сустрэчах у Брусэлі і Страсбургу праваабаронцы прадставяць падрыхтаваны ў 2016 годзе сумесны даклад FIDH і ПЦ «Вясна» — «Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах».
«Пасьля амаль паўтара году перапынку, практыка прымяненьня сьмяротнага пакараньня была адноўленая ў красавіку 2016 году, пасьля таго, як ЭЗ адмяніў большасьць абмежавальных мераў, уведзеных у дачыненьні да Беларусі за парушэньні правоў чалавека. ЭЗ павінен недвухсэнсоўна заявіць пра сваю пазыцыю, згодна зь якой мараторый на сьмяротнае пакараньне зьяўляўся б адным з „асноўных рэальных крокаў“, якія вызначаюць будучую палітыку ЭЗ у дачыненьні да Беларусі», — падкрэсьліваюць аўтары дакладу.