ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Ірану.

Выпрабаваньне іранскай ракеты ў 2016 годзе

Улады ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Ірану. Як паведамляе амэрыканскае міністэрства фінансаў, абмежаваньні тычацца 25 фізічных асоб і арганізацый, звязаных з іранскай ракетнай праграмай або якія маюць дачыненне да гвардыі — «Вартавых ісламскай рэвалюцыі».

Два дні таму Вашынгтон афіцыйна папярэдзіў Тэгеран аб непрымальнасці праведзеных ім выпрабаваньняў балістычнай ракеты і падтрымкі Емэнскіх паўстанцаў, якія напалі на саудаўскі карабель.

Раней у пятніцу Іран не пусьціў у краіну амэрыканскіх спартоўцаў, якія ехалі на Кубак сьвету па вольным дужаньні. Іранскі МЗС заявіў, што гэта — адказ на забарону ЗША на ўезд, у ліку іншых, грамадзян Ірану.

У той жа дзень у вашынгтонскім аэрапорце Далеса на гадзіну быў затрыманы былы прэм’ер-міністар Нарвэгіі К’ель Магнэ Бунэвік — за тое, што 4 гады таму наведаў Тэгеран. Бунэвік, які ўзначальвае нарвэскую праваабарончую арганізацыю, выказаў вялікае зьдзіўленьне тым, што здарылася, бо ён прадʼявіў дыпляматычны пашпарт, дзе была ўказаная яго былая пасада.