«Заява „аб рэштках сувэрэнітэту“ карабаціць сваім паблажліва-зьняважлівым тонам»

Дзьмітры Мірончык

Начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык пракамэнтаваў Свабодзе выказваньне міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса на тэму беларускага сувэрэнітэту.

«Мы, вядома, хацелі б падтрымаць беларускі сувэрэнітэт... тое, што ад яго засталося», — сказаў Лінас Лінкявічус у інтэрвію «Нямецкай хвалі».

— Як бы вы пракамэнтавалі нядаўняе выказваньне міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса на тэму беларускага сувэрэнітэту? Дакладней, як ён выказаўся, — таго, «што ад гэтага сувэрэнітэту засталося».

Your browser doesn’t support HTML5

Заява Дзьмітрыя Мірончыка

«Так, мы зьвярнулі ўвагу на тое, што апошнім часам кіраўнік МЗС Літвы, дзяржавы, якую мы шчыра лічым дружалюбнай і зь якой у бягучым годзе мы зьбіраемся адзначаць 25-годзьдзе з дня ўсталяваньня дыпляматычных адносін, занадта перапоўнены эмоцыямі адносна нашай краіны. Проста сьвярбіць у яго, як у вядомым анэкдоце.

А цяперашняя яго заява пра «рэшткі сувэрэнітэту» асабліва карабаціць сваім паблажліва-зьняважлівым тонам. Ад гэтага тону вее нейкім адгалоскам імпэрскай моцы. Але вось парадокс: апошні раз Літва была імпэрыяй у першай палове 15 стагодзьдзя ў часы існаваньня нашага агульнага Вялікага Княства.

Верагодна, спадар міністар вельмі любіць гістарычную літаратуру і чэрпае зь яе натхненьне. Або тут, як кажуць, у каго што баліць. Спадар Лінкявічус экстрапалюе на Беларусь сытуацыю ў самой Літве, якая перадала ў ЭЗ і НАТО значную частку свайго сувэрэнітэту.

Усё ня так драматычна, як спрабуе прадставіць спадар міністар. Для нас важна, каб сувэрэнітэт Беларусі падтрымліваў народ нашай краіны. А калі хтосьці за мяжой насамрэч клапоціцца аб сувэрэнітэце Беларусі, то дапамагаць трэба справай. А не займацца абразамі альбо павучаньнем».