У брытанскім парлямэнце пачаліся дэбаты наконт закону аб Brexit

У брытанскім парлямэнце пачаліся дэбаты наконт законапраекту аб выхадзе краіны з Эўрапейскага Зьвязу.

Прэмʼер-міністар Тэрэза Мэй змагаецца за прыняцьце закону, які дасьць ёй права да канца сакавіка прымяніць артыкул 50 Лісабонскай дамовы аб ЭЗ, якая вызначае юрыдычную працэдуру выхаду з арганізацыі. (На мінулым тыдні Вярхоўны суд Вялікабрытаніі пастанавіў, што прэмʼер ня мае паўнамоцтваў пачынаць працэдуру без ухваленьня парлямэнтам.)

Чакаецца, што многія дэпутаты — прыхільнікі эўраінтэграцыі — могуць запатрабаваць у Мэй абвясьціць пакуль невядомыя дэталі стратэгіі кабінэту на перамовах з ЭЗ ці ўвогуле паспрабаваць заблякаваць Brexit.

Перад пачаткам пасяджэньня парлямэнту міністар у справах выхаду з Эўразьвязу Дэйвід Дэйвіс заявіў, што прыняцьце закону проста пацьвердзіць вынікі рэфэрэндуму 23 чэрвеня, на якім большасьць брытанскіх выбарнікаў прагаласавалі за Brexit.