Амбасада ЗША ў Менску зьмяніла парадак абнаўленьня візаў

Абнавіць візы ў Менску могуць толькі тыя грамадзяне, чые візы скончыліся менш як 12 месяцаў таму, але ёсьць выняткі.

У апошнія гады, у сувязі з напружанасьцю ў беларуска-амэрыканскіх адносінах і скарачэньнем штату супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску, для афармленьня візы ў ЗША жыхарам Беларусі трэба зьвяртацца ў амэрыканскія дыпляматычныя місіі ў іншых краінах. Выключэньнем былі тыя, хто жадаў зьвярнуцца па абнаўленьне візы. Аднак цяпер, як інфармуе сайт амбасады, правілы для гэтай катэгорыі асобаў зьмяніліся.

Абнавіць візы ў Менску могуць толькі тыя грамадзяне, чые візы скончыліся менш як 12 месяцаў таму, паведамляецца на сайце амбасады. Усе астатнія, хто жадае абнавіць свае візы і чые візы скончыліся больш за 12 месяцаў таму, павінны зьвяртацца ў амбасады ЗША ў іншых краінах. Гэтае правіла ня тычыцца асобаў, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і зьвяртаюцца па візы ў наступных катэгорыях:

  • Дыпляматычныя візы (візы катэгорый А і G),
  • Студэнцкія візы (катэгорыі F і M)
  • Візы наведвальнікаў па абмене (катэгорыя J), акрамя візаў па праграме «Летняя праца і падарожжа»
  • Візы для гасьцей дыппрадстаўніцтваў (сваякі беларускіх дыпляматаў, якія працуюць у беларускіх дыпляматычных місіях ў ЗША),
  • Паездкі і праграмы, фундаваныя ўрадам ЗША,
  • Заявы ад асобаў старэйшых за 70 гадоў, якія зьбіраюцца наведаць ЗША з мэтай турызму, наведваньня сяброў, сваякоў і г. д.
  • Працоўныя візы катэгорый P (артысты, спартоўцы і да т. п.) і O (работнікі з выдатнымі здольнасьцямі), якія выдаюцца на падставе ўхваленай пэтыцыі.

Ва ўсіх іншых выпадках амэрыканская амбасада ў Менску раіць зьвяртацца па візы ў амбасады ЗША ў іншых краінах (ва Ўкраіне, Польшчы, Літве, Латвіі, у амбасаду ЗША ў Маскве і ў генэральнае консульства ў Санкт-Пецярбургу.