Матэрыял падрыхтавалі нашы калегі з расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў і Марк Крутаў.
«Пуцін тэлефануе прэм’ер-міністру Чэхіі і кажа:» Калі вы дазволіце амэрыканцам пабудаваць у вас радар для сваёй сыстэмы супрацьракетнай абароны, мы нацэлім нашы ракеты на Прагу! «.» Добра, — адказвае чэскі прэм’ер, — тады мы абстраляем Карлавы Вары! «. Гэта папулярны ў Чэхіі анэкдот 2008 году, калі Расея і краіны NATO ўступілі ў дыпляматычны канфлікт з нагоды плянаванага разьмяшчэння ў краінах Усходняй Эўропы аб’ектаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны. Тая калізія даўно ў мінулым, але рэпутацыя Карлавых Вараў як «расейскага анкляву» застаецца нязьменнай. Як высьвятляецца, тут атабарыліся ці, прынамсі, набылі дамы, кватэры і іншыя аб’екты дзясяткі былых і дзейных расейскіх чыноўнікаў, якім мець нерухомасьць за мяжой забараняе закон. Ёсьць сярод насельнікаў «Карловарску», або «Іванаўкі», як часам іранічна называюць гэты горад чэхі, і асобы, якія праходзяць па гучных крымінальных справах і нават знаходзяцца ў вышуку. Многія спрабуюць прадаць свае дамы і кватэры, але беспасьпяхова: попыт рэзка ўпаў.
Інтэрнэт-праект «Муніцыпальны сканэр» прэзэнтаваў днямі вынікі свайго расьсьледаваньня, якое атрымала назву «Гід па Карлавых Варах». Яго аўтары выявілі ўладальнікаў усіх без выключэньня аб’ектаў нерухомасьці ў горадзе і высьветлілі, што каля 50% зь іх належаць выхадцам з былога СССР. Адзін з аўтараў расьсьледаваньня грамадзянскі актывіст Міхаіл Маглоў, які зьехаў з Расеі ў Літву, лічыць, што чэскім праваахоўным органам варта зьвяртаць больш увагі на тое, хто і як укладае грошы ў нерухомасьць курортнага гарадка на захадзе Чэхіі:
— Мы даўно зацікавіліся чэскімі рэестрамі нерухомасьці. У нас было некалькі расьсьледаваньняў датычна расейскіх чыноўнікаў у Чэхіі. Напрыклад, была гісторыя з дэпутатам пермскага заканадаўчага сходу, у якога быў від на жыхарства [ў Чэхіі]. Але там (у Расеі. — РС) адмовіліся заводзіць крымінальную справу. Была гісторыя з кіраўніком Камітэту прыродакарыстаньня Ленінградзкай вобласьці, які, нягледзячы на тое, што гэта забаронена, валодаў і кіраваў чэскімі кампаніямі.
— З чым зьвязаны ваш інтарэс менавіта да Чэхіі? Там нейкі спрошчаны мэханізм атрыманьня зьвестак аб уладальніках нерухомасьці?
— Проста Чэхія з пункту гледжаньня адкрытасьці рэестраў вельмі добрая дзяржава. Калі вы паглядзіце кадастравы, гандлёвы рэестар, то яны не сказаць, каб былі проста ідэальныя, але вельмі добра адкрытыя. Калі вы зойдзеце ў гандлёвы рэестяр, вы там пабачыце падборку ўсіх дакумэнтаў, зьвязаных зь юрыдычнай асобай. Гэта, як правіла, фінансавыя справаздачы, устаноўчыя дакумэнты, статуты, дакумэнты аб зьменах статусу, даверанасьці, усе гэтыя дакумэнты скануюцца і выкладваюцца на сайт.
— Як вам удалося праверыць усю нерухомасьць тых самых Карлавых Вараў? Гэта ж тысячы аб’ектаў!
— Мы проста скарысталіся «Гуглом», спампавалі ўсе адрасы, якія ведае «Гугл» у гэтым горадзе, іх было дзесьці 8-10 тысяч.
— Што вам удалося ў выніку высьветліць?
— Мы зыходзілі з ходкага тэзісу «у Карлавых Варах расейцы ўсё скупілі». Нам было цікава, ці сапраўды толькі расейцы і ці сапраўды ўсё? Нас, вядома, у першую чаргу цікавілі людзі, якія так ці інакш зьвязаны з палітычнай дзейнасьцю: чыноўнікі, дэпутаты альбо бізнэсоўцы, якія непасрэдна зьвязаны з уладай, таму што яны цудоўным чынам заўсёды выйграюць дзяржаўныя кантракты. У сваіх краінах яны, як правіла, выказваюць адны погляды, але сваю будучыню і свае інвэстыцыі зьвязваюць зь іншымі краінамі і з іншымі каштоўнасьцямі.
— І колькі ж у выніку нерухомасьці ў Карлавых Варах належыць расейцам? Хто яны? Якія вашы самыя цікавыя знаходкі?
— Скажам так: мы знайшлі нейкую вяршыню айсбэргу. Мы зрабілі поўнае дасьледаваньне рэестру, потым выключылі зь яго чэхаў і грамадзян іншых краін, акрамя былых рэспублік Савецкага Саюзу, і пачалі працаваць з астатнімі, вызначаць, хто зь іх хто. У нас на карце ў Карлавых Варах выйшла, напэўна, 100-150 аб’ектаў. У працэсе дасьледаваньня ў нас зьяўляліся завязкі з аб’ектамі нерухомасьці і ў іншых гарадах Чэхіі, таму на карце ня толькі Карлавы Вары. Калі глядзець, каго мы знайшлі, то там ёсьць палітыкі, бізнэсоўцы, зьвязаныя з уладай, якія атабарыліся там яшчэ ў 90-я гады, гэта бачна па іх кампаніях, па дамовах куплі нерухомасьці.
Карта «расейскай нерухомасьці» у Карлавых Варах праекту «Муніцыпальны сканэр»:
Там ёсьць людзі, якія выклікаюць пытаньні. Напрыклад, ёсьць віла ў цэнтры Карлавых Вараў, якая належыць, як высьветлілася, Генадзю Лахаву, чалавеку, які ў 90-я гады ўзначальваў транспартны аддзел «Росвооружения» пры яго кіраўніку Кацёлкіну, калі там было вельмі шмат карупцыйных зьдзелак. Пытаньне — на якія грошы набытая гэтая віла? Ёсьць і іншая праблема. Нягледзячы на тое, што ў Чэхіі ўсе гэтыя рэестры адкрытыя, і гэта выдатна, узьнікае пытаньне: чаму карумпаваныя грошы асядаюць у гэтай краіне? Выявіліся гісторыі, калі ёсьць дэпутаты, якія хаваюць сваю нерухомасьць. Напрыклад, дэпутат Заканадаўчага сходу Краснадарскага краю ад «Адзінай Расеі» ўжо некалькі гадоў не паказвае свае з жонкай дзьве кватэры ў Карлавых Варах у сваёй дэклярацыі.
Вилла Лютцов, фото с официального туристического сайта Карловых Вар
— Ці ўдалося вам знайсьці нейкія яшчэ выпадкі, якія дазваляюць казаць аб парушэньні ўладальнікамі гэтай нерухомасьці дзейных расейскіх законаў, абмежаваньняў, якія накладаюцца ў гэтых адносінах на чыноўнікаў?
— Там ёсьць некалькі такіх эпізодаў, і па іх ужо накіраваныя заявы ў пракуратуру. Пытаньне ж ня столькі ў расейскім заканадаўстве, колькі ў тым, што ёсьць заканадаўства, ёсьць правапрымяняльная практыка, а яшчэ ёсьць практыка карупцыйных зьдзелак, і з пункту гледжаньня закону такія зьдзелкі — заўсёды чыстыя. Мне здаецца, калі мы глядзім менавіта з пункту гледжаньня карупцыйных грошай, гэта паняцьце крыху шырэйшае, чым расейскі закон. У нас у Расеі ёсьць Ротэнбергі, Цімчанкі, і ў іх няма ніякіх праблем з законам, яны сумленныя прадпрымальнікі і мэцэнаты. Але з пункту гледжаньня міжнароднай практыкі або здаровага сэнсу яны проста карупцыянэры.
— Чэскія рэестры дазваляюць убачыць толькі фізычных асоб, якія зьяўляюцца ўладальнікамі нерухомасьці, або фірмы таксама?
— Юрыдычных асоб таксама. Там вельмі шмат людзей, якія валодаюць сваёй нерухомасьцю празь юрыдычныя асобы. Напрыклад, гісторыя з начальнікам апарату губэрнатара Санкт-Пецярбургу Палтаўчанкі, яго завуць Давід Адамія, і ў яго таксама ёсьць парушэньні закону. У яго ў Карлавых Варах дзьве кватэры, гэта сямейная нерухомасьць, набытая ў 1999 і ў 2001 годзе, але ўласьнікамі зьяўляюцца юрыдычныя асобы. Праблема з Адаміям у тым, што на момант, як ён стаў дзяржаўным службоўцам, ён яшчэ некалькі месяцаў працягваў валодаць і кіраваць гэтымі кампаніямі, а з пункту гледжаньня расейскага заканадаўства гэта катэгарычна забаронена.
Дом у Карлавых Варах, у якім праз свае фірмы і фірмы сваёй жонкі валодае двума кватэрамі Давід Адамія:
— Гэта значыць, у выпадку з Адаміям і іншымі аб’ектамі, якія зарэгістраваныя на юрыдычныя асобы, вам даводзілася праводзіць дадатковыя пошукі?
— Калі мы бачылі ў кадастравым рэестры, што гэта юрыдычная асоба, трэба было пайсьці ў гандлёвы рэестар і паглядзець, хто зьяўляецца канчатковым ўласьнікам гэтай кампаніі.
— У выніку: на колькі працэнтаў Карлавы Вары — «расейскі горад»?
— Калі зыходзіць з таго, што нашы 8 тысяч адрасоў — гэта ўсе аб’екты нерухомасьці, то выхадцам з краін былога Савецкага Саюзу належыць ня больш за 50 працэнтаў. У асноўным гэта турыстычны цэнтар гораду, гэта значыць самая дарагая нерухомасьць. У тым ліку, расейцам, ад агульнай колькасьці аб’ектаў — 40%
— Якія цікавыя пэрсаналіі з краін былога СССР валодаюць нерухомасьцю ў Карлавых Варах?
— З палітычных дзеячоў вылучаецца гісторыя аб самым дарагім квартале, недалёка ад расейскага консульства, дзе месьціцца віла, запісаная на сваякоў Нурсултана Назарбаева. Хоць ён і сам любіць там адпачываць, мяркуючы па публікацыях, і нават запрашаў адпачываць на гэтую вілу пасьля «аранжавай» рэвалюцыі былога ўжо тады прэзыдэнта Ўкраіны Кучму. Віла называецца «Алхан». Яна запісана на бацьку жонкі ўнука Назарбаева.
Віла «Алхан»:
Там ёсьць былы прэм’ер-міністар Кіргізстану (кватэра запісаная на яго жонку), які цяпер зьяўляецца лідэрам адной з партый у Кіргізстане, а яго жонка — партыйным функцыянэрам. Зьдзівіла колькасьць дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны, у большасьці сваёй выхадцаў з Партыі рэгіёнаў. Там ёсьць Ігар Шароў, ёсьць Уладзімір Алейнік, які валодае кватэрай у Карлавых Варах, а ва Ўкраіне на дадзены момант знаходзіцца ў вышуку. Ёсьць дэпутат з Луганску Ірына Беражная. Усе яны збольшага купілі кватэры яшчэ да другой рэвалюцыі ва Ўкраіне, апошнія — прыкладна ў 2012-13 гадах. Бываюць даволі сьмешныя пэрсаналіі. Напрыклад, цэлым домам валодае чалавек, які быў заўзятым актывістам фінансавай піраміды МММ-2013, актыўна ўдзельнічаў у гэтай пірамідзе і ўклаў назапашаныя сродкі ў нерухомасьць у Карлавых Варах.
— Ці можна ў чэскіх рэестрах паглядзець кадастравы кошт аб’ектаў нерухомасьці?
— Не. Часам гэтую нерухомасьць можна ацаніць па ўскосных прыкметах. Калі яна запісаная на юрыдычную асобу, то ў сваіх штогадовых фінансавых справаздачах, як правіла, юрыдычныя асобы паказваюць кошт сваіх нерухомых актываў, і з дапамогай гэтых фінансавых справаздач можна зрабіць прыкладную ацэнку гэтых актываў. Напрыклад, там ёсьць такі цікавы пэрсанаж — Аляксандр Пастрыгань. Ён 22 гады ўзначальваў Клінскіа раён Маскоўскай вобласьці, а цяпер зьяўляецца там дэпутатам. Ён валодае кватэрай у Карлавых Варах, на яго дачку і зяця аформлены гатэль тамсама, а праз чэскую кампанію ў 2014 годзе яны купілі дарагі спа-курорт у Славеніі, які складаецца з чатырох гатэляў. Мы падаем дадзеныя аб кошце актываў, названыя ў фінансавых справаздачах яго чэскіх кампаній.
— У якім дыяпазоне вар’іруецца меркаваны кошт знойдзенай вамі нерухомасьці?
— Ад простых кватэр плошчай 50 квадратных мэтраў, у тым ліку на ўскраіне гораду, да гатэляў і віл.
— Ці плянуеце вы працягваць гэтыя дасьледаваньні па Чэхіі ў дачыненьні да Прагі, можа быць, яшчэ да нейкіх гарадоў?
— Я спадзяюся, што чэхі самі будуць працягваць гэтыя дасьледаваньні. Нам было цікава зрабіць гісторыю пра Карлавы Вары, вывучыць маштаб.
— А чым чэхаў можа зацікавіць гэтая гісторыя?
— Тым, што ў іх вялікія праблемы: яны не разьбіраюцца, чые грошы яны пускаюць у эканоміку, хто інвэстуе, якога роду людзей яны пускаюць у сваю краіну. Калі чалавек займаўся карупцыяй у сваёй краіне, то, абзавёўшыся нерухомасьцю ў Чэхіі, ён будзе карумпаваць ужо гэтую краіну. І брудныя грошы, увезеныя ў краіну, якія, як правіла, скрадзеныя, гэта проста трапляе пад артыкул «Незаконнае ўзбагачэньне». Мне здаецца, гэта праблема для Чэхіі, таму што проста непрыстойна пускаць карупцыйныя грошы да сябе ў краіну.