Шасьцёра загінулі падчас страляніны ў канадзкім мячэце

На месцы здарэньня

«Сёньня канадцы смуткуюць аб тых, хто загінуў у падступным нападзе на мячэт у Квэбэку. Думкамі я з ахвярамі ды іхнымі семʼямі», — заявіў у Twitter прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо, асудзіўшы напад як тэрарыстычную атаку. У выніку страляніны, што адбылася ў нядзелю 29 студзеня ў гарадзкім ісламскім цэнтры ў Квэбэку, загінулі сама меней шасьцёра, параненыя восем чалавек, перадае ABC News.

У час вячэрняй малітвы злачынцы, паводле відавочцаў, учынілі ўзброены напад на культурны цэнтар, у якім было як найменей 40 чалавек. Некаторыя відавочцы кажуць пра трох нападнікаў. Паліцыя арыштавала двух падазраваных у нападзе, разглядаецца вэрсія тэракту. Пра тэракт таксама заяўляе прэм’ер правінцыі Квэбэк.

Першыя тэлефанаваньні ў паліцыю пачаліся каля 8-й гадзіны вечара. Адзін з нападнікаў быў узброены аўтаматам Калашнікава, піша мясцовая Le Solei.

Масавая стральба — рэдкае здарэньне ў Канадзе, якая мае больш строгія законы аб нашэньні зброі, чым ЗША. Навіна пра страляніну шакавала мусульманскую супольнасьць франкамоўнай правінцыі.