У Нямеччыне асудзілі 16-гадовую прыхільніцу «Ісламскай дзяржавы» за напад з нажом

У Нямеччыне суд асудзіў 16-гадовую школьніцу мараканскага паходжаньня да шасьці гадоў турмы за напад на паліцыянта ў Гановэры. Дзяўчыну прызналі вінаватай у замаху на забойства, прычыненьні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў і падтрымцы тэрарызму.

У лютым 2016 году школьніца, якой на той момант было 15 гадоў, параніла нажом у горла супрацоўніка паліцыі. У той час яна ўжо знаходзілася пад сьледзтвам праз сувязі з ісламістамі. Годам раней дзяўчына спрабавала зьехаць у Сырыю, каб далучыцца да экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

У Нямеччыне захоўваецца напружаная сытуацыя пасьля тэракту на калядным кірмашы ў Бэрліне, зробленага ўцекачом з Тунісу ў сьнежні летась. Апошнім часам ісламісты ўсё часьцей выкарыстоўваюць падлеткаў у падрыхтоўцы нападаў. Улады Нямеччыны плянуюць панізіць узроставы мінімум для людзей, якіх можна лічыць патэнцыйна небясьпечнымі асобамі, да 14 гадоў.