Улады Нямеччыне рыхтуюцца адбіваць кібэратакі падчас выбараў у Бундэстаг

Федэральны ўпаўнаважаны па правядзеньні выбараў у Нямеччыне Дытэр Заррайтэр чакае хакерскіх нападаў падчас выбараў у Бундэстаг у верасьні 2017 году.

«Мы рыхтуемся да разнастайных наступальных стратэгіяў пры кібератаках, прайграем розныя сцэнары», — заявіў ён у інтэрвію газэце Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung, паведамляе DW.

Магутнасьці вылічальнага цэнтра ўжо патроены, магчыма, акрамя таго, будуць мяняцца кампутары і месца іх разьмяшчэньня. У экстранай сытуацыі можна будзе скарыстацца ўрадавым цэнтрам кібэраховы. Такім чынам, па словах Заррайтэра, з тэхнічнага пункту гледжаньня парлямэнцкія выбары «абаронены супраць усялякіх спробаў маніпуляваньня».

Разам з тым ён папярэдзіў аб небясьпецы фэйкавых навін, якія могуць згуляць важную ролю і непасрэдна ў дзень галасаваньня — напрыклад, калі зьявяцца паведамленьні пра тое, што зачыненыя канкрэтныя выбарчыя ўчасткі. Каб нэйтралізаваць дзеяньне падробных навін, плянуецца выкарыстоўваць, у прыватнасьці, сацыяльныя сеткі, напрыклад спэцыяльны канал у Twitter.