Трамп захавае санкцыі супраць Расеі, прынамсі на некаторы час

Дональд Трамп

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сказаў у інтэрвію газэце The Wall Street Journal, апублікаваным у пятніцу вечарам, што санкцыі супраць расейскіх грамадзян і кампаній, уведзеныя адміністрацыяй Барака Абамы будуць захаваныя, «прынамсі, на некаторы час».

Аднак ён не выключае іх адмены ў будучыні. «Калі вы ладзіце і Расея рэальна дапамагае нам, навошта захоўваць санкцыі, калі нехта робіць выдатную справу?» — сказаў Трамп.

Паводле The Wall Street Journal, абраны прэзыдэнт ЗША сказаў, што ён можа адмяніць санкцыі, калі Расея акажа сур’ёзную дапамогу ў барацьбе з тэрарызмам і ў дасягненьні іншых мэтаў, важных для Злучаных Штатаў.

Санкцыі былі ўведзеныя прэзыдэнтам Баракам Абамам у 2014 годзе ў адказ на расейскую анэксію Крыму і вайну на Данбасе. 13 студзеня Абама падоўжыў усе санкцыі ЗША супраць Расеі за анэксію Крыму і агрэсію ва Ўкраіне на адзін год, да канца сакавіка 2018 году.

Дональд Трамп заявіў пра намер сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным празь некаторы час пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ЗША.