Расейскі прэм’ер Мядзьведзеў паскардзіўся на складанае жыцьцё і адсутнасьць грошай

Russia -- Russian Prime Minister Dmitry Medvedev attends the Gaidar Economic Forum in Moscow, January 12, 2017

Прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў на ўручэньні прэміі ўраду ў галіне СМІ паскардзіўся на складанае жыцьцё і адсутнасьць грошай. «Жыцьцё — штука складаная, грошай, як вядома, няма. Я гэта ведаю», — цытуе прэмʼера расейскае агенцтва «Новости».

Такую заяву Мядзьведзеў зрабіў пасьля словаў пра тое, што ўрад працягне падтрымку сродкаў масавай інфармацыі. Якой будзе гэтая падтрымка, ён не ўдакладніў, адзначыўшы толькі, што журналісты будуць атрымліваць «ня толькі „клікі“, але і „лайкі“ з боку ўлады».

У траўні летась Мядзьведзеў падчас паездкі ў анэксаваны Крым заявіў мясцовым жыхарам, што ў Крамля няма грошай на павышэньне пэнсій. Фраза прэмʼер-міністра «Грошай няма, але вы трымайцеся» стала інтэрнэт-мэмам.

У жніўні Мядзьведзеў, адказваючы на пытаньне пра заробкі настаўнікаў, заявіў, што тым, хто хоча зарабляць грошы, лепш заняцца бізнэсам. Нізкую аплату працы пэдагогаў прэмʼер-міністар растлумачыў тым, што настаўнік — гэта «пакліканьне». Гэта заява таксама выклікала бурную рэакцыю ў сацсетках.

У верасьні расейскі Фонд барацьбы з карупцыяй апублікаваў расьсьледаваньне, згодна зь якім Дзьмітрыю Мядзьведзеву належыць рэзыдэнцыя ў Іванаўскай вобласьці коштам каля 500 мільёнаў даляраў.