«Расея нясе пагрозу і не змагаецца з ісламістамі», — кандыдат на пасаду кіраўніка ЦРУ

Кандыдат на пасаду кіраўніка ЦРУ Майк Пампэё

Кандыдат на пасаду кіраўніка ЦРУ Майк Пампэо заявіў, што Расея ўяўляе пагрозу для Эўропы і не прыкладае амаль ніякіх намаганьняў у барацьбе з забароненай у шмат якіх краінах тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава».

У пісьмовым ўступным слове на слуханьнях у Сэнаце ЗША пра зацьвярджэньне ягонай кандыдатуры Пампэо падкрэсьліў, што Масква праводзіць агрэсіўную палітыку, у прыватнасьці, на тэрыторыі ўсходняй Украіны.

На прэс-канфэрэнцыі ў сераду абраны прэзыдэнтам ЗША Дональд Трамп заявіў, што Расеі трэба даць шанец для паляпшэньня стасункаў з Вашынгтонам. У той жа час Рэкc Тылерсан падчас слуханьняў у Сэнаце пра ягоную кандыдатуру на пасаду дзяржаўнага сакратара выступіў у падтрымку так званага закону Магніцкага і прадастаўленьня Ўкраіне ўзбраеньня.