Архітэктар Магілёўскай вобласьці выступіў супраць аднаўленьня пляніровачнай структуры Паднікольля

Распрацоўшчыкі праекту добраўпарадкаваньня раёну Паднікольля ў гістарычным цэнтры Магілёва адмовіліся ад плянаў стварэньня там зоны забаў.

Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.

Раней Рэспубліканская архітэктурна-горадабудаўнічая рада пры Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры прыняла рашэньне ўхваліць новы генэральны плян Магілёва і рэкамэндавала правесьці круглы стол у справе разьвіцьця раёну Паднікольля.

Падчас грамадзкага абмеркаваньня генпляну Магілёва паступіла мноства прапаноў ад грамадзян, многія зь якіх выступілі супраць зьяўленьня ў Паднікольлі — паміж Мікалаеўскім манастыром і Пакроўскай царквой, якая будзе адноўлена — зоны забаў. Была вылучана сустрэчная ініцыятыва — стварыць у Паднікольлі батанічны сад. Ідэя стварэньня саду знайшла падтрымку ў НАН Беларусі.

Распрацоўшчыкі праекту, улічваючы меркаваньні многіх грамадзян, адмовіліся ад плянаў стварэньня ў Паднікольлі гандлёва-забаўляльнага цэнтру і фэстывальнай пляцоўкі, заявіў 12 студзеня на круглым стале ў гарвыканкаме, прадстаўляючы праект упарадкаваньня раёну, галоўны архітэктар Магілёва Ўладзімер Скачок. Ён таксама расказаў, што на гэтай тэрыторыі плянуецца аднаўленьне гістарычнай забудовы паблізу Пакроўскай царквы і Мікалаеўскага манастыра, зона ціхага адпачынку, дэндрапарк, зона культурнага адпачынку, зона спартыўных мерапрыемстваў і зона пляжнага адпачынку.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч выказаў меркаваньне аб неабходнасьці будаўніцтва ўваходу ў парк з плошчы Славы праз адноўленую Алейную браму і падземны пераход. Ён таксама прапанаваў, каб дарожкі, якія будуць пракладзены ў парку, праходзілі па былых вуліцах Паднікольля.

З гэтай прапановай не пагадзіўся галоўны архітэктар Магілёўскай вобласьці Аляксей Новікаў, які выказаў меркаваньне, што тады знаходжаньне ў парку будзе нагадваць прагулкі па выпаленай вёсцы...

Падчас абмеркаваньня было прапанавана стварыць працоўную групу для ўзгадненьня ўсіх спрэчных пытаньняў, а прыём новых прапаноў працягнуць да 16 студзеня, каб, як і прасіла Рэспубліканскаяч архітэктурна-горадабудаўнічая рада, да 19 студзеня прадставіць вынікі сёньняшняга круглага стала ў Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры.