Дзяржаўныя органы не выдавалі дазволу на адлоў рысяў для ўнутраных войскаў МУС

Дазвол на адлоў у заказьніку «Налібоцкі» дзьвюх рысяў для вайсковай часьці 3214 унутраных войскаў МУС не выдаваўся. Рысь занесеная ў Чырвоную кнігу. На 1 мая 2016 году ў Беларусі была ўлічаная 421 асобіна рысі. Дазвол на адлоў жывёл, якія знаходзяцца ў Чырвонай кнізе, у Беларусі можа выдаваць толькі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, а не міністар лясной гаспадаркі.

11 студзеня ў шэрагу СМІ прайшла інфармацыя са спасылкай на сайт sputnik.by, што міністар лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч «даў дабро» на адлоў у Налібоцкай пушчы дзьвюх асобін рысі, якія будуць жыць у вальеры вайсковай часьці 3214.

Раней у вайсковай часьці ўжо жылі дзьве рысі, падараваныя ў 2000 і 2001 гадах расейскімі калегамі. Аднак у 2016 годзе яны памерлі ад спыненьня сэрца. Кіраўніцтва часьці зьвярталася ў Белавескую і Налібоцкую пушчы, да міністра лясной гаспадаркі і прасіла дазволіць адлоў для іх дзьвюх новых жывёлін, якія зьяўляюцца сымбалем часьці, паведамляе БелаПАН.

У прэс-службе Мінлясгасу паведамілі, што ў верасьні мінулага году атрымалі зварот МУС з просьбай садзейнічаць адлову дзьвюх рысяў у заказьніку «Налібоцкі», аднак выдача дазволаў на адлоў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, да якіх адносіцца рысь, не ўваходзіць у кампэтэнцыю міністэрства. Ведамства пераслала зварот непасрэдна ў заказьнік з прапановай разгледзець магчымасьць адабраньня жывёл для гэтых мэтаў у адпаведнасьці з заканадаўствам, прыклаўшы пералік нарматыўных актаў, якімі рэгулюецца гэтая працэдура. Пасьля гэтага пытаньне больш не абмяркоўвалася, у тым ліку і зь міністрам, адзначылі ў прэс-службе.

Дазвол на адлоў жывёл, якія знаходзяцца ў Чырвонай кнізе, у Беларусі можа выдаць толькі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Аднак у гэтае ведамства не паступала заявак на адлоў рысяў у Налібоцкай пушчы, паведаміла кансультант упраўленьня біялягічнай і ляндшафтнай разнастайнасьці Мінпрыроды Тацяна Жалязнова.

Паводле яе слоў, для атрыманьня такога дазволу неабходна падаць заяву, абгрунтаваньне неабходнасьці адабраньня жывёл з асяродзьдзя пражываньня і біялягічнае абгрунтаваньне іх перасяленьня на іншую тэрыторыю, калі гэта прадугледжана. Абгрунтаваньнямі для адлову жывёлін могуць быць навуковыя мэты, перасяленьне і расьсяленьне, скрыжоўваньне, утрыманьне або расплоджваньне ў няволі, у тым ліку за межамі Беларусі. Адмыслоўца адзначыла, што дазвол на ўтрыманьне або расплоджваньне жывёлін у няволі выдаецца вельмі рэдка і ў мэтах захаваньня генафонду або ўзнаўленьня папуляцыі.

За час маёй працы прыватным або юрыдычным асобам, якія не займаюцца прыродаахоўнымі пытаньнямі, мы не выдавалі дазволаў на адабраньне „чырванакніжнікаў“ з асяродзьдзя пражываньня

Атрымаць дазвол на адабраньне жывёлін, занесеных у Чырвоную кнігу, паводле адмыслоўцы, вельмі складана. «З маёй практыкі, адбіраецца ў асноўным зубар для стварэньня новых мікрапапуляцыяў. За час маёй працы прыватным або юрыдычным асобам, якія не займаюцца прыродаахоўнымі пытаньнямі, мы не выдавалі дазволаў на адабраньне „чырванакніжнікаў“ з асяродзьдзя пражываньня», — дадала Жалязнова.

На думку галоўнага навуковага супрацоўніка НПЦ па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук, доктара біялягічных навук, дасьледчыка ваўкоў і рысяў Вадзіма Сідаровіча, адлоў жыўцом адной рысі будзе каштаваць жыцьця некалькім іншым, бо нават пры выкарыстаньні ашчадных мэтадаў адлову жывёліны часта траўмуюцца і гінуць.

Навуковец лічыць недапушчальным адлоў рысяў для вайсковай часьці, бо гэтая жывёла ўнесеная ў Чырвоную кнігу і ахоўваецца. Тым больш недапушчальны іх адлоў у Налібоцкай пушчы, таму што большая яе частка ўваходзіць у заказьнік «Налібоцкі» і лічыцца прыроднай тэрыторыяй, якая знаходзіцца пад асаблівай аховай. Вадзім Сідаровіч сьцьвярджае, што злоўленыя рысі ў няволі жывуць значна менш, чым у дзікай прыродзе.