Зьбіральніка дасье на Трампа мог наняць Буш

Дональд Трамп прамаўляе падчас дэбатаў з іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі ў кастрычніку 2015 году. Зьлева направа — Джэб Буш, Марка Рубіё, Дональд Трамп і Бэн Карсан.

Аўтарам справаздачы пра кампрамат, нібыта сабраны расейскімі выведчыкамі на абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, зьяўляецца Крыстафэр Стыл (Christopher Steele), былы афіцэр брытанскай выведнай службы MI-6. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на людзей, «знаёмых зь яго кар’ерай».

Былыя брытанскія афіцэры выведкі сказалі агенцтву, што Стыл правёў некалькі гадоў пад дыпляматычным прыкрыцьцём, працуючы для МІ-6 у Расеі і ў Парыжы, а таксама ў Міністэрстве замежных справаў у Лёндане.

Пасьля таго, як ён пакінуў кар’еру афіцэра выведкі, Стыл пастаўляў інфармацыю для Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў Злучаных Штатаў (ФБР) аб карупцыі ў міжнароднай футбольнай арганізацыі ФІФА. На аснове інфармацыі Стыла амэрыканскія пракуроры выставілі дзясяткі абвінавачаньняў чыноўнікаў ФІФА ў карупцыі. Якраз гэтая праца Стыла па барацьбе з карупцыяй у міжнародным футболе, паводле словаў амэрыканскіх чыноўнікаў, выклікала давер да ягоных паведамленьняў пра расейскія сувязі Трампа.

Стыл быў першапачаткова наняты для збору інфармацыі фірмай «FusionGPS» у Вашынгтоне ад імя неўстаноўленых рэспубліканцаў, якія хацелі перашкодзіць Трампу атрымаць намінацыю на кандыдата ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі. Бі-Бі-Сі паведаміла, што Стыл быў першапачаткова наняты Джэбам Бушам, адным з 16 супернікаў Трампа ў першасных выбарах рэспубліканцаў. Агенцтву Ройтэрз пакуль што не ўдалося пацьвердзіць гэтага паведамленьня Бі-Бі-Сі.

Стыл працягваў працаваць для «FusionGPS» пасьля таго, як Трамп атрымаў намінацыю, і інфармацыя былога брытанскага выведніка распаўсюджвалася сярод дзеячаў Дэмакратычнай партыі і прадстаўнікоў СМІ.

Кантакты Стыла з ФБР адносна Трампа пачаліся ў ліпені 2016, пачаткова са старэйшым агентам, які распачаў расьследаваньне ФІФА, а потым перайшоў на пасаду ў Эўропе.

Паводле людзей «знаёмых са справай», ФБР пачало папярэдняе расьсьледаваньне Трампа і дачыненьняў яго атачэньня з расейцамі, абапіраючыся часткова на паведамленьнях Стыла.

Аднак Стыл перапыніў кантакты з ФБР за месяц да выбараў 8 лістапада, таму што, паводле агентаў ФБР, быў расчараваны павольнай хадою расьсьледаваньня і недастаткова «сур’ёзнымі» адносінамі да ягоных матэрыялаў.

Справаздача Стыла трапляла на працягу некалькіх месяцаў у вядучыя СМІ сьвету, у тым ліку агенцтва Reuters, але ні журналісты, ні праваахоўныя органы, ні спэцслужбы ЗША не змаглі яе пацьвердзіць.

BuzzFeed апублікаваў некаторыя з матэрыялаў Стыла пра Трампа на сваім сайце 10 студзеня, але абраны прэзыдэнт і яго памочнікі заявілі, што гэтыя паведамленьні ілжывыя. Расейскія ўлады таксама іх зьняпраўдзілі.

Супрацоўнікі Стыла заявілі 11 студзеня, што ён недаступны для камэнтароў. Крыстафэр Бараўз, дырэктар і сузаснавальнік кампаніі «Orbis» са Стылам, сказаў выданьню The Wall Street Journal, якое ўпершыню ўпамянула прозьвішча Стыла, што ён ня можа пацвердзіць або абвергнуць, што кампанія Стыла падрыхтавала даклад пра Трампа.