Паводле паведамленьняў розных крыніцаў, на думку ФБР, непацьверджаныя кампрамэтуючыя дадзеныя апынуліся досыць пераканаўчымі, каб уключыць іх у брыфінг, хоць дакладнасьць гэтых матэрыялаў яшчэ неаднаразова будзе правярацца.
Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў «фэйкам» і «палітычным паляваньнем на ведзьмаў» паведамленьні пра кампрамат на яго, нібыта сабраны расейскай выведкай. Пра гэта ён напісаў у сваім мікраблогу ў Твітары.
Ягоная прадстаўніца Кэліан Конуэй заявіла тэлеканалу NBC, што ніводзін з прыведзеных фактаў не пацьверджаны, а ўсе крыніцы ананімныя.
Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамля няма ніякага кампрамату на Трампа і экс-кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратаў Гілары Клінтан, а паведамленьні пра адваротнае — абсалютная лухта і «бульварнае чытво». Па словах Пяскова, Крэмль не займаецца зборам кампрамату.
Інфармацыя аб наяўнасьці ў расейскай выведкі матэрыялаў, якія ганяць Трампа, зьмяшчаецца ў дзьвюхстаронкавым дадатку-рэзюмэ да дакладу аб расейскім умяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году ў ЗША. Зь ім былі азнаёмленыя толькі Абама, Трамп і 8 лідэраў Кангрэсу. Пра гэта перадалі CNN, Reuters, AP, The New York Times і іншыя СМІ, спаслаўшыся на амэрыканскіх афіцыйных прадстаўнікоў, якія адмовіліся назваць свае імёны.
Паведамленьні аб кампрамаце на Трампа зьявіліся напярэдадні прызначанай на сёньня яго першай прэсавай канфэрэнцыі ў якасьці абранага прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Ўступленьне Дональда Трампа на пасаду кіраўніка дзяржавы адбудзецца 20 студзеня.