«Моладзь БНФ» аб’явіла 2017-ы годам Вялікага Княства Літоўскага

Ілюстрацыйнае фота. Князь ВКЛ Альгерд

Пра гэта прадстаўнікі арганізацыі аб’явілі 11 студзеня на сваім сайце.

У межах году ВКЛ актывісты абяцаюць правесьці шэраг забаўляльных імпрэзаў, акцыяў, маленькіх і вялікіх кампаніяў, а таксама шматлікіх сустрэчаў зь гісторыкамі, экскурсій па мясьцінах ВКЛ, круглых сталоў, крэатыўных вулічных акцыяў. Плянуецца, што хутка запрацуюць новы сайт і YouTube-канал, прысьвечаныя гісторыі ВКЛ.

«Наша дзяржаўнасьць налічвае ўжо больш за 1000 гадоў, але свайго росквіту яна дасягнула пры Вялікім Княстве Літоўскім. ВКЛ зьяўляецца неад’емнай часткай нашай гісторыі, і варта ня толькі памятаць гэта, але і ганарыцца.

Менавіта таму мы аб’яўляем 2017-ы годам Вялікага Княства Літоўскага і зьбіраемся рабіць нашы акцыі, мерапрыемствы і кампаніі для прапаганды гісторыі ВКЛ як неад’емнай часткі гісторыі Рэспублікі Беларусь. Асноўная ідэя гэтай вялікай кампаніі — зьвярнуць увагу беларускай моладзі на нашу багатую гісторыю, паказаць, што наша гісторыя пачынаецца не з 1917 году, а значна раней».

Разам з тым у паведамленьні сьцьвярджаецца, што «Моладзь БНФ» не выступае за адраджэньне ВКЛ:

«Мы не зьбіраемся адраджаць Вялікае Княства Літоўскае ці прэтэндаваць на яго былыя землі, бо лічым, што нацыяналізм павінен быць здаровым, але разам з тым мы нацыя, якая не павінна забываць сваю гісторыю, свае карані, сваю багатую культуру, якая распасьціраецца далёка за межы нашай Рэспублікі Беларусь».

Каб узмацніць кампанію, актывісты Моладзі БНФ зьбіраюцца далучыць літоўскіх партнэраў:

«Мы зьбіраемся наладзіць сувязі з нашымі літоўскімі суседзямі, асабліва зь літоўскай моладзьдзю, бо мы разам жылі ў адной краіне даўжэй за ўсё, і ня варта забываць гэта. Гэта паспрыяе нашаму супрацоўніцтву, культурнаму збліжэньню. Таксама мы лічым, што праз культурнае збліжэньне з нашымі літоўскімі суседзямі і правядзеньне гэтай кампаніі ў нас ёсьць куды больш шанцаў супрацьстаяць расейскай агрэсіі, якая ўжо ідзе на нашых землях».