Сын заснавальніка руху «Салідарнасьць» і былога прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы знойдзены мёртвым. Як паведамілі ў польскай паліцыі, цела Пшэмыслава Валэнсы выявіў сваяк у ягонай кватэры ў Гданьску. Паводле паліцыянтаў, на целе 43-гадовага Валэнсы не было прыкмет гвалту, паводле папярэдняй інфармацыі, ён памёр ад натуральных прычын. Ускрыцьцё прызначана на сёньня.
Пшэмыслаў — трэці з васьмі дзяцей Валэнсы. У юнацтве ў Пшэмыслава былі праблемы са злоўжываньнем алькаголем, яго некалькі разоў штрафавалі за кіраваньне машынай у стане алькагольнага ап’яненьня.
73-гадовы Лех Валэнса атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру ў 1983 годзе за ролю ў станаўленьні незалежнага прафсаюзнага руху «Салідарнасьць» у Польшчы. Пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму ў Польшчы, ён быў абраны прэзыдэнтам, на гэтай пасадзе ён прабыў з 1990 па 1995 год.