Памёр Марыю Суарэш, былы прэзыдэнт і прэмʼер Партугаліі

У суботу ва ўзросьце 92 гадоў памёр былы прэзыдэнт Партугаліі Марыю Суарэш. Ён быў заснавальнікам Сацыялістычнай партыі Партугаліі і многія дзесяцігодзьдзі заставаўся адным з самых уплывовых палітыкаў сваёй краіны.

Яго называлі бацькам сучаснай дэмакратычнай Партугаліі.

У розныя гады пасьля зьвяржэньня дыктатуры Салазара ў красавіку 1974 году ён займаў пасады міністра замежных справаў, прэмʼер-міністра і прэзыдэнта, а таксама дэпутата Эўрапарлямэнту.

Дзякуючы яго дыпляматычным намаганьням на пасадзе прэмʼер-міністра Партугалія стала членам Адзінай эканамічнай супольнасьці, пасьля ператворанай у Эўразьвяз.

Суарэш быў дастаўлены ў шпіталь Чырвонага Крыжа ў Лісабоне 13 сьнежня ў сувязі з пагаршэньнем здароўя і быў зьмешчаны ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі. Паводле мэдычнага пэрсаналу лякарні, 25 сьнежня ён запаў у кому і ўжо не апрытомнеў.