Прэзыдэнт Філіпінаў заявіў пра намер стаць хаўрусьнікам Расеі

Прэзыдэнт Філіпінаў Радрыга Дутэртэ з расейскім адміралам Эдуардам Міхайлавым

Прэзыдэнт Філіпінаў Радрыга Дутэртэ заявіў у пятніцу пра намер зрабіць Расею сваім новым саюзьнікам пасьля пагаршэньня адносінаў з ЗША.

У той жа дзень у сталіцы Філіпінаў Маніле знаходзіліся расейскія ваенныя караблі з чатырохдзённым візытам — як паведамляе агенцтва Reuters, першым у гісторыі дзьвюх краінаў. Афіцыйны візыт Дутэртэ ў Расею заплянаваны на красавік.

У сьнежні Дутэртэ адправіў сваіх міністраў у Маскву для абмеркаваньня паставак узбраеньня на Філіпіны пасьля таго, як ЗША заблякавалі ўгоду на 26 тысяч штурмавых вінтовак.

Стасункі паміж ЗША і Філіпінамі пагоршыліся з-за крытыкі прэзыдэнта ЗША Барака Абамы на адрас кампаніі Дутэртэ ў барацьбе з наркотыкамі. На гэта прэзыдэнт Філіпінаў заявіў, што яго краіна ўжо не калёнія, і заклікаў праяўляць павагу.

Дутэртэ ўступіў на пасаду кіраўніка дзяржавы летам 2016 году, паабяцаўшы выкараніць наркагандаль у краіне. За апошнія месяцы ў ходзе пазасудовых расправаў у краіне былі забітыя больш за пяць тысяч чалавек, як мяркуецца, зьвязаных з гандлем наркотыкамі.