Паліцыя Аўстрыі расьсьледуе дамаганьні ў навагоднюю ноч

Супрацоўніца аўстрыйскай паліцыі

Паліцыя Аўстрыі стварыла спэцыяльную групу для расьсьледаваньня сэксуальных дамаганьняў у цэнтры Інсбрука ў навагоднюю ноч. Усяго ў паліцыю зьвярнуліся 19 жанчын са скаргамі на напады групы некалькіх іншаземцаў з Азіі ці Паўночнай Афрыкі.

Паліцыя праводзіць ператрусы ў прытулках для ўцекачоў па ўсім рэгіёне. Некаторыя напады былі зафіксаваныя на камэры відэаназіраньня, але з-за слабага асьвятленьня пакуль не ўдалося ўстанавіць асобы нападнікаў.

У пачатку 2016 году ў паліцыю нямецкага горада Кёльна паступілі больш за тысячу заяў аб дамаганьнях, рабунках і згвалтаваньнях у навагоднюю ноч. Паводле апісаньняў пацярпелых, тыя, хто нападаў былі выхадцамі з Паўднёвай Азіі ці Паўночнай Афрыкі. Падобныя інцыдэнты адбыліся і ў іншых гарадах Нямеччыны.