Свабода коратка пераказвае тое, што дырэктар аднаго з галоўных сілавых ведамстваў ЗША думае пра Пуціна, дзеяньні Расеі ў Сырыі і «расейскіх хакераў».
Пра Пуціна:
«ЦРУ ніколі не недаацэньвала Пуціна. Мы заўсёды разумелі, што гэта чалавек, які валодае штамам напорыстасьці і агрэсіўнасьці.
Мы ўсе бачылі, што ён зрабіў у Крыме, ва Ўкраіне і ў Сірыі. Ён мае ўласьцівасьць „гуляць мускуламі“ і ня толькі ўласнымі, але і мускуламі ўсяго расейскага ваеннага комплексу. Ён гуляе па сваіх уласных правілах і сам вызначае, якія яны будуць у пэўных зонах канфлікту».
Пра Сырыю:
«Расея ўжыла ў Сырыі тактыку выпаленай зямлі. Яна прывяла да спусташэньня тэрыторыі і тысячаў ахвяраў сярод нявінных людзей. ЗША ніколі не вырашаюць ваенныя канфлікты такім чынам. Мы доўгі час вялі перамовы з Расеяй і спрабавалі данесьці да іх, што Башар Асад — не вырашэньне праблемы, а частка сырыйскай праблемы. Але цяпер мы ведаем, што Расея ня кіне свайго доўгачасовага саюзьніка. Наадварот: яны кінуць яшчэ больш сіл на яго абарону».
Пра магчымае умяшаньне ЗША ў сырыйскі канфлікт:
«Калі мы глядзім на тое, што ўжо адбылося і тое, якім чынам разгортваліся падзеі, я думаю, што мы маглі б скарэктаваць нашы дзеяньні. Гэта тычыцца ня толькі палітыкі ЗША, але таксама і іншых краін. Можна было пачаць вырашаць праблему раней, не дазваляць Ісламскай дзяржаве, Джабгат Аль-Нусры і Аль-Каідзе дасягнуць росквіту. Так што так, думаю, што палітыка неўмяшаньня — гэта тое, пра што можна шкадаваць».
Пра «расейскіх хакераў»:
«Мы цяпер знаходзімся на заключнай стадыі падрыхтоўкі дакладу аб удзеле Расеі ў хакерскіх нападах, якія былі зьдзейсьнены напярэдадні выбараў у ЗША. На працягу некалькіх дзён гэты даклад будзе прадстаўлены прэзыдэнту, па чыім загадзе ён, уласна, і быў зроблены».
Пра тое, ці будзе даклад паказаны Трампу:
«Новаабраны прэзыдэнт Трамп будзе азнаёмлены з дакладам да ўступленьня ў пасаду, калі цяперашні прэзыдэнт Абама вырашыць, што гэта варта зрабіць. І ён атрымае поўны доступ да дакладу, як толькі стане паўнапраўным прэзыдэнтам».
Пра амэрыканскую выведку:
«Няма ніводнай іншай выведкі ў якой-небудзь іншай краіне сьвету, якая б валодала такімі ж аналітычнымі магчымасьцямі, вопытам і такімі ж магчымасьцямі, якімі валодае разьведка ЗША. Нашы аналітычныя магчымасьці неверагодна прасунуліся і разьвіліся з часоў, калі быў выпушчаны даклад аб распрацоўцы зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку. З тых часоў былі цалкам перагледжаны працэдуры ацэнкі дадзеных і аналітычныя працэсы і сёньня тыя ацэнкі, якія мы робім у рамках разьведвальнай дзейнасьці, мы робім настолькі дакладна і акуратна, наколькі гэта ўвогуле магчыма».