4 студзеня двое невядомых выбілі акно ў кебаб-бары «Kuki» ва Ўроцлаве і ўкінулі туды бутэльку з запальнай сумесьсю. Агонь удалося хутка пагасіць. Уладальнікам бару зьяўляецца эгіпцянін, які жыве ва Ўроцлаве восем гадоў.
Днём раней невядомы ў масцы выбіў акно ва ўроцлаўскім рэстаране «Kebab House», уладальнікам якога зьяўляецца курд.
У навагоднюю ноч у Любіне, 75-тысячным горадзе ў паўднёва-заходняй частцы Польшчы, невядомыя размалявалі антыісламскімі лёзунгамі бар «Superkebab», які належыць індусу.
Як мы ўжо паведамлялі, у навагоднюю ноч здарыўся трагічны выпадак перад кебаб-барам у Элку ў паўночна-усходняй Польшчы, дзе ў спрэчцы з уладальнікам бару, тунісцам, загінуў мясцовы жыхар. Трагічны інцыдэнт выклікаў хваляваньні ў горадзе, паліцыя затрымала каля 30 чалавек.
У польскіх сацыяльных сетках пашыраецца «дэматыватар», які заклікае адзначыць 7 студзеня як «агульнапольскі дзень без кебабу». «Адмаўляючыся ў гэты дзень ад кебабу, ты аддаеш шанаваньне 21-гадоваму паляку, забітаму нажом у Элку працаўніком кебаб-бару, які паходзіць з Паўночнай Афрыкі» — гаворыцца ў закліку.