Дональд Трамп правядзе першую прэс-канфэрэнцыю 11 студзеня

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп правядзе сваю першую афіцыйную прэс-канфэрэнцыю 11 студзеня ў Нью-Ёрку.

Пра гэта ён паведаміў у «Твітэры».

Чакаецца, што Трамп раскажа пра тое, як мае намер пазьбегнуць канфлікту інтарэсаў, стаўшы прэзыдэнтам краіны і застаючыся буйным прадпрымальнікам.

Раней новаабраны кіраўнік дзяржавы аддаваў перавагу зносінам з прэсай і грамадзянамі празь нефармальныя кароткія запісы ў «Твітэры», рэдкія інтэрвію, выступы на сходах прыхільнікаў.

Назначаную на 3 студзеня публічную заяву аб праблеме расейскіх хакерскіх нападаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША Трамп перанёс на пятніцу, 6 студзеня, адзначыўшы, што не атрымаў абяцаныя спэцслужбамі матэрыялы на гэтую тэму.

Афіцыйная інаўгурацыя Дональда Трампа як 45-га прэзыдэнта ЗША мае адбыцца 20 студзеня.