Трамп: вызваленьне вязьняў Гуантанама павінна быць спыненае

Дональд Трамп з жонкай

Вызваленьне вязьняў турмы на ваеннай базе ЗША ў Гуантанама на Кубе павінна быць спыненае «раз і назаўжды, каб прадухіліць вяртаньне вельмі небясьпечных асобаў да тэрарыстычнай дзейнасьці». Пра гэта абраны прэзыдэнт Дональд Трамп напісаў у аўторак на сваёй старонцы ў «Твітэры».

Паводле яго слоў, новых вызваленьняў з Гуантанама быць не павінна. «Гаворка ідзе пра асабліва небясьпечных асобаў, якім ня варта дазваляць вяртацца на поле бою», — адзначыў Трамп.

Прэс-сакратар Белага дома сёньня паведаміў, што чакае дадатковых пераводаў зьняволеных з турмы ў Гуантанама. І пра іх будзе абвешчана да таго, як прэзыдэнт Барак Абама пакіне свой пост у канцы гэтага месяца.

«Я чакаю, што дадатковыя пераводы будуць абвешчаныя да 20 студзеня», — сказаў прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст 3 сьнежня празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як абраны прэзыдэнт Дональд Трамп запатрабаваў замарозіць вызваленьне вязьняў.

Крыніца, блізкая да пытаньня, паведаміла, што Абама плянаваў перадаць 18 зьняволеных з Гуантанама да канца тэрміну. Абама паабяцаў, што да заканчэньня першага тэрміну ён зачыніць турму ў Гуантанама, але сутыкнуўся з жорсткай апазыцыяй у Кангрэсе.

Турма ў Гуантанама была створаная ў 2002 годзе адміністрацыяй Джорджа Буша малодшага. У ёй утрымліваюцца асобы, захопленыя падчас апэрацыі ў Аўганістане. Пасьля прыходу ў Белы дом прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ў 2009 годзе з турмы ў Гуантанама было адпраўлена ў розныя краіны каля 175 зьняволеных. Цяпер там застаецца 59 чалавек, зь іх 20 прызнаныя асобамі, якія не ўяўляюць пагрозу ЗША і якія падлягаюць вызваленьню.