За кім варта сачыць у 2017 годзе

Дональд Трамп


Абраны прэзыдэнт ЗША ўступае ў пасаду 20 студзеня. Палітыка, якую ён будзе праводзіць, нават калі яна ня ў поўнай меры будзе адпавядаць яго перадвыбарным абяцаньням, можа мець велізарныя наступствы для Эўропы. Раптоўнае пашырэньне амэрыканскага бюджэту можа разварушыць эканоміку ЭЗ і тым самым вярнуць кантынэнту палітычную стабільнасьць. У той жа час, пратэкцыянісцкія захады ў гандлі, якія Трамп таксама абяцаў, могуць даць супрацьлеглы эфэкт. Туманныя выказваньні Трампа аб фінансаваньні НАТА і яго імкненьні зблізіцца з Расеяй могуць падштурхнуць ЭЗ да думкі аб выпрацоўцы самастойнай абароннай стратэгіі і стварэньні ўласнага войска.

Тэрэза Мэй


"Брексіт значыць Брэксіт". Кіраўніцы брытанскага ўраду давядзецца растлумачыць сэнс гэтай сказанай ёй фразы падчас абвяшчэньня аб пачатку двухгадовых перамоваў аб выхадзе яе краіны з ЭЗ. Дакумэнт яна павінна адправіць да 31 сакавіка. Мэй прыйдзецца праявіць велізарную вытрымку, каб не дапусьціць расколу ва ўласным ўрадзе і аб'яднаць краіну, у якой Шатляндыя і Паўночная Ірляндыя пагражаюць правесьці рэфэрэндумы аб незалежнасьці.

Уладзімір Пуцін


Крамлёўскі лідэр вядзе цяжка прадказальную тактычную гульню, спрабуючы аднавіць міжнародны ўплыў Масквы. Каб пасябраваць са сваімі заходнімі суседзямі або стварыць ім праблемы, Пуцін мае цэлы арсэнал сродкаў: ад кантролю за пастаўкамі газу да магчымасьці падтрымаць іх ўнутраных ворагаў. Пасьля анэксіі Крыма ў 2014 годзе ніхто ў ЭЗ не бярэцца прадказваць, якім будзе наступны пуцінскі крок. Аднак 31 ліпеня лідэры краінаў ЭЗ павінны падоўжыць або адмяніць санкцыі, накладзеныя на Расею ў сувязі зь яе дзеяньнямі на ўсходзе Ўкраіны. Некаторым краінам-сябрам ЭЗ гэтыя санкцыі не падабаюцца. Калі Трамп наважыцца на зьмякчэньне амэрыканскіх санкцый супраць Расеі, ЭЗ будзе нялёгка прадухіліць блякаваньне рашэньня аб працягу антырасейскіх санкцый адной або адразу некалькімі краінамі.

Ангела Мэркель


Эўрапейскі палітычны цяжкавагавік, цяперашняя канцлер Нямеччыны будзе чацьвёрты раз прэтэндаваць на гэтую пасаду па выніках верасьнёўскіх выбараў у Бундэстаг. Зноў заняць гэтую пасаду ёй можа перашкодзіць шырокая незадаволенасьць яе міграцыйнай палітыкай, у выніку якой зь мінулага году ў краіну прыбыў больш за мільён уцекачоў. Акрамя таго, упершыню ў гісторыі сучаснай Нямеччыны месцы ў нямецкім парлямэнце павінны атрымаць вельмі правыя эўраскептыкі, што, як мінімум, абцяжарыць перамовы Меркель аб стварэньні кіруючай кааліцыі.

Мігрант з Афрыкі


Гэтая маладая жанчына зь дзіцем з Заходняй Афрыкі, як і тысячы іншых, спадзяецца адправіцца да берагоў Эўропы, як толькі аціхнуць зімовыя штормы. ЭЗ нарошчвае фінансавую дапамогу ўрадам афрыканскіх краінаў, ўзмацняе патруляваньне Міжземнага мора і рыхтуе масавыя высылкі нелегальных мігрантаў. З дапамогай падобнай тактыкі ЭЗ ужо ўдалося рэзка зьнізіць прыток сырыйцаў у Грэцыю. Гэтай жанчыне варта было б зноўку ацаніць суадносіны рызык і выгадаў. Ці варта перасякаць Сахару і рызыкаваць жыцьцём у адкрытым моры, калі цябе ўсё роўна затрымаюць і вышлюць дадому?

Герт Вілдэрс


Нідэрлянды могуць задаць тон усім намечаным на 2017 год выбарам у ЭЗ, калі, як прадказваюць апытаньні, абяруць парлямэнт, большасьць у якім атрымае антыісламская "Партыя свабоды". Паколькі іншыя партыі, напэўна, адмовяцца ўступаць з Вільдэрсам у кааліцыю, прэм'ерам ён ня стане. Але перамога яго партыі можа "нармалізаваць" масавае галасаваньне за вельмі правых ў вачах францускіх і нямецкіх выбаршчыкаў, якім трэба будзе рабіць свой выбар крыху пазьней.

Марын Лё Пэн


7 траўня прэзыдэнтам Францыі можа стаць лідэрка ўльтраправага "Нацыянальнага фронту". У выпадку свайго абраньня яна абяцае правесьці рэфэрэндум аб выхадзе Францыі з ЭЗ. Вялікая колькасьць кандыдатаў, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, цалкам можа забясьпечыць ёй перамогу ўжо ў першым туры 23 красавіка. Але многія працягваюць верыць, што ёй, як і яе бацьку ў 2002 годзе, не ўдасца атрымаць большасьць галасоў.

Серджа Матарэла


У мінулым асьцярожны сыцылійскі юрыст, які прыйшоў у палітыку пасьля таго, як мафія забіла яго роднага брата, 75-гадовы прэзыдэнт Італіі знаходзіцца зараз у самым цэнтры цыклёну. Яму неабходна прымірыць варагуючыя партыі, якія ўдзельнічаюць у сумесным кіраваньні краінай, напярэдадні выбараў, якія невядома калі адбудуцца, ды яшчэ і па правілах, якія ў працэсе могуць моцна памяняцца. У адрозьненьне ад Грэцыі або, напрыклад, Партугаліі, Італія занадта вялікая, каб ЭЗ мог перажыць яе поўны эканамічны правал, і занадта вялікая, каб яе можна было выратаваць інтэрвэнцыяй звонку.

Яраслаў Качыньскі


Кіраўнік кіруючай у Польшчы правай партыі "Права і справядлівасьць" працягвае правакаваць раскол паміж Усходам і Захадам, адкрыта ігнаруючы пратэсты Брусэля супраць законаў, якія абмяжоўваюць незалежнасьць Канстытуцыйнага суду Польшчы. ЭЗ чакае, што да канца лютага Варшава вырашыць гэты канфлікт. Але Качыньскі разьлічвае на падтрымку саюзьнікаў, з правам вета на штрафныя санкцыі ЭЗ. Галоўны зь іх - прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Расея актыўна заігрывае са сваімі былымі сатэлітамі, але Качыньскі тут як раз зьяўляецца перашкодай: ён перакананы, што за катастрофай польскага прэзыдэнцкага самалёту пад Смаленскам у 2010 стаіць Масква. Адна з ахвяраў крушэньня - тагачасны прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі - брат Яраслава.

«Чорны чалавек» – так называюць патэнцыйных агентаў тэрарыстычных груп, якія жывуць у Эўропе

Гэты чалавек зьненавідзеў Эўропу, у якой жыве. Гнеў яго падагравае тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава», якая павольна здае свае пазыцыі ў Іраку і Сырыі, і іншыя радыкальныя арганізацыі. Ён адчувае патрэбу дзейнічаць, прычым дзейнічаць якімі заўгодна мэтадамі. У больш шырокім сэнсе «чорны чалавек» сымбалізуе ўсё тое невядомае, беспрэцэдэнтнае і непрадказальнае ў прыродзе і соцыюме, што можа справакаваць рэзкае зьмяненьне грамадзкай думкі, знэрваваць эўрапейскія пляны на будучыню або разбурыць звыклую герархію прыярытэтаў.