СМІ: падазраваных у нападзе на паліцыянтаў у Грозным «кадыраўцы» забілі прама ў шпіталі

Ілюстрацыйнае фота. Падчас аднаго з нападаў на паліцыянтаў у Грозным 17 сьнежня 2016 году

Траіх затрыманых у ходзе спэцапэрацыі ў Грозным людзей, якія былі шпіталізаваныя з раненьнямі, ужо няма ў жывых.

Пра гэта паведамляе «Каўкаскі вузел» са спасылкай на дасьведчаную крыніцу ў Міністэрстве аховы здароўя Чачні.

Інфармацыя пра сьмерць параненых выклікала грамадзкі рэзананс сярод жыхароў Чачні, якія мяркуюць, што гаворка можа ісьці пра пазасудовыя пакараньні сьмерцю.

17 сьнежня ў розных раёнах Грознага былі зьдзейсьненыя напады на паліцыянтаў, пасьля чаго ў горадзе быў уведзены рэжым контартэрарыстычнай апэрацыі. У ходзе спэцапэрацыі, паводле дадзеных сілавікоў, былі забітыя 7 меркаваных баевікоў, яшчэ чацьвёра затрыманыя (тры мужчыны і 18-гадовая дзяўчына). Адказнасьць за напад у Грозным узяла на сябе «Ісламская дзяржава».

Паводле стану на 22 сьнежня двое параненых маладых людзей знаходзіліся ў бальніцы з агнястрэльнымі раненьнямі, а параненай дзяўчыне лекары ампутавалі раздробненую куляй нагу. Аднак паводле інфармацыі «Каўкаскага вузла», на сёньняшні дзень усе трое параненых падазраваных мёртвыя: 25 сьнежня ў бальніцы раптам адключылі сьвятло і аднаго з затрыманых выцягнулі на вуліцу і забілі ўзброеныя людзі. Двое іншых параненых, хлопец і дзяўчына, таксама былі забітыя.

Інфармацыя пра сьмерць параненых, якія знаходзіліся ў бальніцы, распаўсюджваецца мясцовымі жыхарамі ў Чачні зь вечара 26 сьнежня.

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў адмаўляе факт пазасудовай расправы. «Я не лічу неабходным абмяркоўваць гэтую нахабную і гнюсную хлусьню», — напісаў ён у сваім Instagram.