Кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер заклікаў сацыяльныя сеткі і буйныя інтэрнэт-карпарацыі, такія як Facebook або Google, больш актыўна змагацца з дэзынфармацыяй у інтэрнэце і фальшывымі навінамі.
Як паведамляе Deutsche Welle, палітычныя сілы Нямеччыны таксама шукаюць спосабы, каб на заканадаўчым узроўні абавязаць інтэрнэт-кампаніі вызначыць больш жорсткія тэрміны выдаленьня ілжывай інфармацыі, якая можа прывесьці да дэстабілізацыі ў краіне.
У 2017 годзе ў Нямеччыне і Нідэрляндах пройдуць парлямэнцкія выбары, у Францыі заплянаваныя выбары кіраўніка дзяржавы. Палітыкі Нямечыны заявілі, што Расея рыхтуецца дэстабілізаваць абстаноўку з дапамогай прапагандысцкіх кампаніяў і хакерскіх нападаў.
Падчас перадвыбарчай кампаніі ў ЗША Расею неаднаразова абвінавачвалі ў спробах паўплываць на выбарчы працэс. У Крамлі ўсе абвінавачваньні ва ўмяшаньні адпрэчваюць.