Прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон аб выдатках на ваенныя патрэбы ў 2017 годзе, які, акрамя іншага, пашырае дзеяньне так званага «закона Магніцкага» на ўвесь сьвет і прадугледжвае ўвядзеньне санкцый супраць усіх, хто, на думку Вашынгтона, датычны да карупцыі і парушэньняў правоў чалавека.
Такім чынам прэзыдэнт можа ўвесьці санкцыі супраць любога замежніка, адказнага за пазасудовыя забойствы, катаваньні і іншыя грубыя парушэньні правоў чалавека. Абмежавальныя меры датычаць прыватнай уласнасьці і банкаўскіх рахункаў на тэрыторыі ЗША, а таксама маюць на ўвазе забарону на ўезд у краіну.
У 2012 годзе Вашынгтон увёў санацыйны сьпіс, у які патрапілі расейскія службовыя асобы, як мяркуецца, датычныя да сьмерці юрыста брытанскага інвэстыцыйнага фонду Сяргея Магніцкага ў маскоўскім СІЗА. Фігурантам «сьпісу Магніцкага» забаронены ўезд у ЗША. Цяпер аналягічныя меры могуць прымацца да грамадзяніна любой краіны.