ААН: рэзалюцыя з заклікам да Ізраілю не будаваць паселішчаў зьнятая з парадку дня

Зала пасяджэньняў Рады бясьпекі ААН

Эгіпэт адклаў на неабвешчаны тэрмін унясеньне праекту рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, якая заклікае да спыненьня будаўніцтва Ізраілем паселішчаў на палестынскіх тэрыторыях.

Раней у той самы дзень новаабраны прэыдэнт ЗША Дональд Трамп падтрымаў заклік прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу, зьвернуты да Вашынгтону з просьбай накласьці вэта на праект рэзалюцыі ў Радзе бясьпекі ААН.

Трамп заявіў у сацыяльных медыях, што «рашэньне разглядаецца ў Радзе бясьпекі ААН у дачыненьні да Ізраілю, і на яго павінна быць накладзена вэта». Паведамленьне Трампа паступіла ўсяго празь некалькі гадзін пасьля таго, як Нэтаньягу заклікаў ЗША накласьці вэта.

Эгіпэт распаўсюдзіў 21 сьнежня праект рэзалюцыі з патрабаваньнем да Ізраілю «неадкладна і цалкам спыніць усю дзейнасьць па стварэньні паселішчаў на акупаванай палестынскай тэрыторыі, уключаючы Ўсходні Ерусалім».

Палестынцы лічаць Усходні Ерусалім сталіцай любой будучай палестынскай дзяржавы ў рамках дзьвюх дзяржаваў для вырашэньня ізраільска-палестынскага крызісу. Ізраіль лічыць увесь Ерусалім сваёй сталіцай.