У заяве, апублікаванай 21 сьнежня, нямецкая фэдэральная пракуратура папярэджвае, што 24-гадовы Аніс Амры можа быць «небясьпечны і ўзброены». Людзей заклікаюць неадкладна паведаміць у паліцыю, калі тыя яго пабачаць.
«Аніс Амры ростам 178 см і важыць каля 75 кг, мае чорныя валасы і карычневыя вочы», гаворыцца ў заяве.
12 чалавек загінулі і 48 былі параненыя, калі грузавік уехаў у натоўп на калядным кірмашы ў Бэрліне ўвечары 19 сьнежня. На пасажырскім сядзеньні грузавіка паліцыя знайшла мёртвага чалавека. Кіроўцы ў машыне не аказалася — за ім была арганізавана пагоня з дапамогай простых грамадзян, і празь некаторы час быў затрыманы выхадзец з Пакістану. Але пазьней бэрлінская паліцыя адпусьціла яго, бо мясцовыя праваахоўныя органы ня здолелі знайсьці пацьверджаньняў, што менавіта ён быў за рулём грузавіка.