Кааліцыя на чале з ЗША нанесла авіяўдары па ісламістах у Пальміры

Міжнародная антытэрарыстычная кааліцыя на чале са Злучанымі Штатамі нанесла авіяўдары ў раёне сырыйскага гораду Пальміры, захопленага экстрэмісцкай групоўкай «Ісламская дзяржава». Пра гэта гаворыцца на сайце цэнтральнага камандаваньня Ўзброеных сіл ЗША.

Як паведамляе агенцтва Франс-Прэс, авіяўдары зьнішчылі 14 танкаў, тры артылерыйскія сыстэмы, два будынкі і два тактычныя транспартныя сродкі, якія знаходзіліся ў карыстаньні ісламістаў.

У сераду стала вядома, што «Ісламская дзяржава» пасьля захопу Пальміры магла завалодаць бронетэхнікай і сродкамі супрацьпаветранай абароны. Як заявілі амэрыканскія вайскоўцы, захопленае ўзбраеньне можа прадстаўляць небясьпеку для сіл міжнароднай кааліцыі.

«Ісламская дзяржава» ўтрымлівала Пальміру 9 месяцаў, пасьля чаго ў сакавіку сёлета горад быў узяты пад кантроль сырыйскай урадавай арміяй. 10 сьнежня ісламісты пачалі новы наступ, чарговы раз захапіўшы Пальміру.