Курдзкія баевікі ўзялі на сябе адказнасьць за выбухі ў Стамбуле

На месцы тэракту ў Стамбуле, 10 сьнежня 2016

Падразьдзяленьне Курдзкай рабочай партыі (PKK) узяла на сябе адказнасьць за выбухі ў Стамбуле, у выніку якіх загінулі 38 чалавек і 155 атрымалі раненьні.

Арганізацыя «Ястрабы свабоды Курдыстану», якая раней сёлета правяла некалькі іншых тэрактаў, паведаміла на сваім сайце, што арганізавала выбухі, якія адбыліся ноччу ў суботу.

У Турэччыне абвешчаная аднадзённая нацыянальная жалоба.

Два выбухі адбыліся ў суботу ўвечары каля стадыёну Vodafone Arena пасьля матчу паміж футбольным камандамі «Бэшыкташ» і «Бурсаспор». Каля аўтобуса са спэцназам паліцыі, які дзяжурыў на тэрыторыі, прылеглай да стадыёну, у 22.30 выбухнуў замінаваны аўтамабіль, і прыкладна ў той самы час у парку каля стадыёну падарваўся сьмяротнік.