Жан-Марк Эро: «Дзеяньні Расеі і Асада вядуць да расчляненьня Сырыі»

Міністар замежных спраў Францыі Жан-Марк Эро

Стратэгія «татальнай вайны», якую абралі ў Сырыі рэжым Башара Асада і Расея, вядзе да расчляненьня краіны, заявіў Міжнароднаму францускаму радыё міністар замежных спраў Францыі Жан-Марк Эро. Паводле яго слоў, побач з тэрыторыяй, падкантрольнай Асаду, узьнікне «ІДзІЛастан».

Кіраўнік МЗС Францыі папярэдзіў, што «шлях вайны і жорсткасьці», які выбралі Асад і Расея вядзе адно да «працяглага хаосу ў рэгіёне». Гэтая стратэгія не дазволіць выкараніць тэрарызм, лічыць Жан-Марк Эро.

Кіраўнік МЗС Францыі сказаў, што Расея перашкаджае Радзе Бясьпекі ААН прыняць рашэньне, якое захавала б жыцьці мірных жыхароў. Жан-Марк Эро назваў «тупіковым» шлях ваеннай эскаляцыі.

У аўторак сусьветныя СМІ паведамлялі пра ўзмацненьне баёў і рост адчуваньня жыхароў усходняга Алепа, што войскі Асада набліжаюцца. Карэспандэнт CNN ў Алепа спаслаўся на інфармацыю сырыйскіх праваабаронцаў, згодна зь якой сырыйская армія ўжо ўсталявала кантроль над трыма чвэрцямі тэрыторыі, раней занятай узброенай апазыцыяй.