У Гане зачынілі фіктыўную «амбасаду ЗША», якая працавала амаль 10 гадоў

Дакумэнты, захопленыя падчас паліцэйскага рэйду

Амэрыканскі Дзярждэпартамэнт распавёў аб фіктыўнай «амбасадзе ЗША», якая працавала амаль 10 гадоў у Акры, сталіцы Ганы. Яе зачынілі летам у выніку спэцыяльнай апэрацыі праваахоўных органаў Ганы і супрацоўнікаў сапраўднай амбасады ЗША ў краіне.

Кожны панядзелак, аўторак і пятніцу ад 7.30 да 12 дня над фіктыўнай «амбасадай» у Акры ўздымалі амэрыканскі сьцяг, а элемэнты інтэр’еру (фота дзейнага прэзыдэнта ЗША Барака Абамы) намякалі на афіцыйны статус установы.

Папраўдзе ёю кіравалі, паводле Дзяржаўнага дэпартамэнту, прадстаўнікі крымінальнага сьвету Турцыі і Ганы, а таксама мясцовы адвакат у крымінальных і міграцыйным справах. Супрацоўнікамі «амбасады» выступалі ангельскамоўныя грамадзяне Турцыі.

Уладальнікам установы ўдавалася хабарамі адкупляцца ад праверак, а таксама атрымліваць блянкі сапраўдных дакумэнтаў. Супрацоўнік сапраўднай амбасады ЗША ў краіне пасьля атрыманьня інфармацыі аб «амбасадзе» прыцягнуў да расьсьледаваньня паліцыю, спэцназ і бюро расьсьледаваньняў Ганы, а таксама супрацоўнікаў пасольства Канады.

Фальшывая "амбасада ЗША"

Як аказалася, падробная амэрыканская амбасада рэклямавала свае паслугі улёткамі і плякатамі для прыцягненьня кліентаў ня толькі з Ганы, але і суседніх Кот-д’Івуару і Тога. З вуліцы прыйсьці на «гутарку» ў амбасадзе было нельга: замест гэтага ўдзельнікі банды прывозілі кліентаў з аддаленых частак заходняй Афрыкі ў сталіцу Ганы, дзе сялілі ў бліжэйшым гатэлі.

Паслугі па выдачы візаў (як сапраўдных, на аснове фальшывых зьвестак, так і падробленых) і іншыя паслугі абыходзіліся ў 6000 даляраў.

Сапраўдная амбасада ЗША ў Акры

Фальшыўкі рабілі ў краме адзеньня — сьледзтва лічыць, што там знаходзілася прамысловая швейная машына, якой сшываюць падробныя пашпарты.

Падкуплены юрыст забараніў дэтэктывам абшукаць будынак, таму што ён нібыта праходзіў у яшчэ адной крымінальнай справе, — гэта было няпраўда. За час разглядаў затрыманых выпусьцілі пад заклад, і яны здолелі перанесьці вытворчасьць.

Некалькі падазраваных абвешчаныя ў вышук.