«АДНОлькаВЫ_Я» — у Менску адбыўся інклюзіўны фэстываль роўных творчых магчымасьцяў

Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі на выходных ператварыўся ў пляцоўку роўных творчых магчымасьцяў для людзей з асаблівасьцямі і іх здаровых аднагодак.

Гэта ўжо другі інклюзіўны фэстываль «АДНОлькаВЫ_Я», які адбыўся ў музэйных сьценах і стаў сапраўдным сьвятам ня толькі для ўдзельнікаў мерапрыемства, але і для яго наведнікаў.

«Фэстываль невыпадкова называецца „АДНОлькаВЫ_Я“. Назва падкрэсьлівае, што людзі з абмежаванымі магчымасьцямі і фізычна здаровыя — насамрэч аднолькавыя. Бо адны і другія маюць правы і чалавечую годнасьць. Таму ня варта дзяліць грамадзтва, вылучаючы зь яго асобаў паводле пэўных прыкметаў. Усе дзеці і дарослыя хочуць мець сяброў, хочуць, каб іх любілі», — расказала Валянціна Румава, дырэктарка менскага Цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь».

Фотавыстава Станіслава Карбановіча. Ягоныя работы езьдзілі на выставу ў Чэхію, а ў наступным годзе плянуецца Нямеччына. Хлопец здымае ня толькі фота, але і відэа

Адметнасьць сёлетняга мерапрыемства — у актыўным удзеле людзей з абмежаванымі магчымасьцямі ў правядзеньні майстар-клясаў. Сябра грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» Павал Бурло пасьпяхова правёў майстар-клясу па стварэньні ўпакоўкі з крафт-паперы.

Сябра грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» Павал Бурло праводзіць майстар-клясу па стварэньні ўпакоўкі з крафт-паперы

Самым запамінальным стаў канцэрт інклюзіўных калектываў, у якім вылучыўся выступ калектыву The Whell of life.

Дзеці ў інвалідных вазках і іх маці танчылі пад шчымлівую музыку да песьні Ганны Герман «Рэха каханьня».

Соня Празднова і яе маці Тацяна ў калектыве ўжо 7 гадоў. Акрамя мамы, чатырнаццацігадовая дзяўчынка мае напарніцу па танцах, юную балерыну Соню Бранько. Абедзьве Соні — найлепшыя сяброўкі і прафэсійныя танцоркі. Ужо другі год трэніруюцца пад кіраўніцтвам харэографа Аляксандра Шаблоўскага. Як вынік — дзяўчынкі ўжо двойчы сталі пераможцамі чэмпіянату сьвету па танцах на інвалідных вазках, які праводзіўся ў Галяндыі.

Аднак у Соні Праздновай ёсьць істотная перашкода — цяжкі, 15-кіляграмовы вазок, які, па праўдзе, непрыдатны для танцаў. Дзяўчынцы даводзіцца прыкладаць шмат намаганьняў, каб круціць кола адной рукой, ды і танцу бракуе лёгкасьці. Таму Соніна сям’я шукае сродкі на набыцьцё новага, лёгкага вазка, які важыць 3 кіляграмы. Для гэтай мэты адкрыты рахунак: ААТ АСБ «Беларусбанк» філіял 500/500, дабрачынны рахунак № 50. Пакуль удалося сабраць толькі траціну ад неабходнай сумы — 2890 эўра.

«Водная роўнядзь», малюнак з плястыліну. Калектыўная праца наведнікаў аддзяленьня дзённага знаходжаньня інвалідаў Акцябрскага раёну Менску Дзімы Майсюка, Алега Гароха, Андрэя Крэчкі, Ганны Мяцеж і Алега Бабіча

Віталік Насеньнік ужо год як удзельнік фальклёрнага калектыву «Мілавіца». Юнак любіць родную мову. Віталь працуе на вытворча-гандлёвым прадпрыемстве «АртІдэя» і некалькі разоў на тыдзень наведвае беларускую хатку «Мілавіцы» для рэпетыцыяў.

Ля мікрафона Віталік Насеньнік, удзельнік фальклёрнага калектыву «Мілавіца»

Інклюзіўны фэстываль роўных творчых магчымасьцяў аб’яднаў шмат цікавых і здольных людзей з асаблівасьцямі. Хтосьці грае на піяніна, а хтосьці сьпявае песьні на беларускай мове.