«Гавары праўду» выступіла супраць рэфэрэндуму, які прапануе «шкодныя» зьмены

Андрэй Дзьмітрыеў

Кампанія «Гавары праўду» выказалася пра ініцыятыву правесьці рэфэрэндум, на які прапануецца вынесьці пытаньне аб павелічэньні тэрмінаў паўнамоцтваў: прэзыдэнта — да сямі гадоў, і парлямэнта — да пяці.

«Гавары праўду» выступае супраць гэтай «пустой і дарагой» ініцыятывы, якая «замест правядзеньня важных і патрэбных для беларусаў рэформаў у эканоміцы, сацыяльнай сфэры і палітыцы прапануе шкодныя для разьвіцьця краіны і грамадзтва зьмены».

У заяве, распаўсюджанай 30 лістапада, «Гавары праўду» прапанавала прэзыдэнту, ураду і парлямэнту рэалізаваць шэраг ініцыятываў:

— Значна зьменшыць адміністрацыйную і падатковую нагрузку на малы і сярэдні бізнэс;

— Адмяніць антыканстытуцыйны «падатак на дармаедаў»;

— Уключыць у страхавы стаж для налічэньня пэнсій тэрміновую службу ў войску, дэкрэтны адпачынак і догляд інвалідаў і састарэлых;

— Павысіць дапамогу па беспрацоўі да ўзроўню пражытковага мінімуму;

— У бюджэце 2017 году скараціць выдаткі на ўтрыманьне дзяржапарату, ідэалягічнай вэртыкалі, функцыянэраў грамадзкіх абʼяднаньняў, падтрымку безнадзейна стратных прадпрыемстваў. Зэканомленыя сродкі накіраваць на эканамічнае разьвіцьцё краіны і сацыяльную падтрымку насельніцтва.

Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў у камэнтары да заявы сказаў:

«Калі б тыя, хто цяпер прапануе павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта і парлямэнту, ішлі на выбары з такой ідэяй, то ў любой залі Беларусі атрымалі б замест грамадзкай падтрымкі тухлыя яйкі і гнілыя памідоры. Замест такой палітычнай крывадушнасьці мы прапануем сёньня парлямэнту правесьці грамадзкія слуханьні па сапраўды важных для людзей праблемах. У нашым жыцьці іх цяпер вышэй за дах, а ў парлямэнце пра іх ня чуюць».

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што рэфэрэндум аб павелічэньні тэрмінаў паўнамоцтваў прэзыдэнта Беларусі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў можа адбыцца, «калі на тое будзе воля кіраўніка дзяржавы»:

«Сама прапанова ні ў чым не супярэчыць міжнароднай практыцы. І яе рэалізацыя ў пэўным пляне магла б спрыяць стабільнасьці грамадзтва і некаторай эканоміі выдаткаў на выбары».