Грамадзяне Швайцарыі не адмовіліся на рэфэрэндуме ад атамнай энэргетыкі

Грамадзяне Швайцарыі не падтрымалі ініцыятыву партыі «Зялёных» пра паскораную адмову ад атамнай энэргетыкі. Як паведамляе Associated Press, на рэфэрэндуме, які прайшоў у нядзелю, каля 54 адсоткаў насельніцтва краіны выказаліся супраць закрыцьця атамных электрастанцыяў.

Ініцыятары рэфэрэндуму прапаноўвалі спыніць працу атамных электрастанцыяў у Швайцарыі на працягу бліжэйшых 13 гадоў. Тры з гэтых станцыяў давялося б зачыніць ужо ў наступным годзе. Прыхільнікі адмовы ад атамнай энэргетыкі асьцерагаюцца паўтарэньня інцыдэнтаў, падобных да аварыі на Фукусіме ў Японіі ў 2011 годзе.

Супраць ініцыятывы выступіў урад Швайцарыі, які лічыць, што краіна ня зможа хутка перайсьці на пастаўкі з аднаўляльных крыніцаў энэргіі.

У 2011 годзе ўрад Нямеччыны прыняў закон, згодна зь якім усе атамныя электрастанцыі ў краіне павінны зачыніцца да 2022 году. Улады краіны плянуюць цалкам перайсьці на аднаўляльныя крыніцы энэргіі.