Таджыкістан пазбавіў акрэдытацыі журналістаў Радыё Свабода праз матэрыял пра дачку прэзыдэнта

Шасьцярых супрацоўнікаў бюро «Радыё Свабода» запрасілі ў МЗС Таджыкістана, дзе ім паведамілі, што яны пазбаўленыя афіцыйнай акрэдытацыі.

Кіраўніцтва радыёстанцыі абуранае гэтым крокам уладаў у Душанбэ. У таджыцкай службе «Радыё Свабода» лічаць, што МЗС краіны пайшоў на такі крок з-за публікацыі на сайце матэрыялу аб новым прызначэньні адной з дачок прэзыдэнта Эмамалі Рахмона.

У пятніцу на сайце радыё зьявілася інфармацыя пра прызначэньне трэцяй дачкі таджыцкага лідэра Рухшоны намесьніцай начальніка Упраўленьня міжнародных арганізацый МЗС Таджыкістана. Пры гэтым у навіне гаворыцца, што інфармацыя аб новым прызначэньні дачкі Рахмона першапачаткова зьявілася на сайце МЗС Таджыкістана.

Іншая дачка прэзыдэнта краіны Азода таксама працуе на дзяржслужбе — яна кіруе выканаўчым апаратам кіраўніка дзяржавы.

Як паведамляе «Свабода», таджыцкія ўлады запатрабавалі выдаліць навіну. Пасьля адмовы выканаць гэтае патрабаваньне МЗС Таджыкістана пазбавіў шасьцярых карэспандэнтаў акрэдытацыі.