Ужо сёньня: дзень нараджэньня Ўладзімера Караткевіча

Уладзімер Караткевіч. 1955 г. З асабістага фонду Ўладзімера Караткевіча ў БДАМЛМ

Падзеі 26 лістапада ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Дата дня

26 лістапада 1930 году ў Воршы нарадзіўся клясык беларускае літаратуры Ўладзімер Караткевіч. Ён — адна з найбольш яскравых постацяў айчыннай літаратуры другой паловы ХХ стагодзьдзя. Караткевіч ня толькі аўтар паэтычных і драматургічных твораў, а яшчэ і першаадкрывальнік жанру гістарычнага дэтэктыву ў беларускай літаратуры.

20 незвычайных фактаў пра Ўладзімера Караткевіча

Таксама ў гэты дзень

1812 — падчас Расейска-францускай вайны пачалася бітва на Бярэзіне. У выніку бітвы войска Напалеона Банапарта атрымала паразу. Слова bérézina дагэтуль ужываецца французамі ў значэньні вялікіх непрыемнасьцяў.​

Пэтэр фон Гес. «Пераправа празь Бярэзіну»

1917 — быў утвораны Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласьці і фронту, першы заканадаўчы орган Саветаў у Беларусі.

1943 — падчас Другой усясьветнай вайны ад нямецкай акупацыі быў вызвалены першы беларускі абласны цэнтар — Гомель.

1994 — створана аб’яднаньне беларусаў Масквы «Бацькаўшчына».

1996 — апошні расейскі ядзерны боезарад, які заставаўся за межамі Расеі, быў выведзены з тэрыторыі Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся

1799 — Міхаіл Кулеша, мастак, літограф.

1805 — Яўстах Янушкевіч, беларускі кнігавыдавец і адзін з арганізатараў паўстаньня 1830–1831 гадоў.

1837 — Міхаіл Эльвіра Андрыёлі, мастак, ілюстратар, удзельнік паўстаньня 1863 году.

1901 — Антон Янкоўскі, беларускі народны сьпявак, зьбіральнік фальклёру.

1961 — Віктар Асьлюк, беларускі кінадакумэнталіст.

У памяці

1855 — памёр паэт Адам Міцкевіч. Удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым руху супраць Расейскай імпэрыі, быў сябрам Таварыства філяматаў.

Адам Міцкевіч. Літаграфія, выстава «Славутыя асобы Беларусі» Ляілея Варэца

Літаратары называюць Міцкевіча адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Пісьменьнік вядомы перадусім сваімі балядамі, паэтычнымі апавяданьнямі, драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапэяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры.

1864 — памёр Тэадор Нарбут, беларускі гісторык.

2007 — памёр Ізяслаў Бруцкі, мітрапаліт і першагерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Што будзе?

Рух «За свабоду» і Партыя БНФ правядуць у Слуцку ўрачыстую дэманстрацыю і мітынг з нагоды 96-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну. Таксама актывісты наведаюць мэмарыяльныя крыжы ў вёсках, дзе фармаваліся атрады слуцкіх паўстанцаў і праходзілі баі.

Імпрэзы і лекцыі

«Жывы Фэст»

Фэстываль складаецца з аповедаў пра вандроўкі, паэтычных выступаў і музычных сэтаў. Спрактыкаваныя падарожнікі падзеляцца досьведам, вядомыя паэты прачытаюць вершы, выступяць беларускія і ўкраінскія музыкі (Hurma, Naka, Akute, «Колір»).

Менск, клюб «Бруге» (Партызанскі пр., 6а).
Пачатак а 16:00.
Квіткі — ад 15 да 20 рублёў.

Вечар літаратурнай крытыкі

Удзельнікі сустрэчы паспрабуюць адказаць на пытаньне «Ці ёсьць будучыня ў літаратурнай крытыкі?» Падчас імпрэзы ўганаруюць пераможцаў конкурсу «Эксьлібрыс».

Менск, Літаратурны музэй імя Пятруся Броўкі (вул. Карла Маркса, 30).
Пачатак а 16:00.
Уваход вольны.

Кірмаш валянтэрства ў Берасьці

У праграме — прэзэнтацыя культурных, экалягічных і дабрачынных арганізацый, майстар-клясы, невялікі канцэрт і магчымасьць далучыцца да любога праекту.

Берасьце, Тайм-клюб High Voltage (вул. Дзяржынскага, 50).
Пачатак а 15:00.
Уваход вольны.

Live-падкаст ад Максіма Жбанкова

Культуроляг Максім Жбанкоў прачытае свае тэксты пад сваю ўлюбёную музыку. Удзельнікі імпрэзы разам з аўтарам паспрабуюць спрагназаваць, што будзе, калі мастацтва гандлюе ўласным трызьненьнем, а арт душыць артыста.

Менск, кавярня «Утопія-60» (вул. Леніна, 9).
Пачатак а 19:00.
Уваход вольны.

Фольк-рок-опэра «Чарадзей»

«Чарадзей» — гэта праект Рамана Арлова, гуртоў «У нескладовае» і «Купалінка». Опэра апавядае пра містычнае падарожжа беларускай дзяўчыны з сучаснасьці ў Полацкае княства XI стагодзьдзя. Дзяўчына трапіць у абдымкі да Ўсяслава Чарадзея, дзеда славутай Эўфрасіньні Полацкай.

Менск, Белдзяржфілярмонія (пр. Незалежнасьці, 50).
Пачатак а 19:00.
Квіткі — 10–17 руб.