Беларусь і Эўразьвяз правядуць перамовы пра спрашчэньне візавага рэжыму. Трэба «праясьніць пазыцыі»

Намесьніца міністра замежных справаў Беларусі Алена Купчына анансавала перамовы Беларусі і Эўразьвязу пра пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму. Калі могуць быць падпісаныя адпаведныя пагадненьні, невядома.

Мусяць прайсьці «тэхнічныя кансультацыі», сярод іншага па пытаньні рэадмісіі — вяртаньня на радзіму дэпартаваных градмадзянаў, у тым ліку трэціх краінаў, перадае словы Купчынай БелаПАН.

Намесьніца міністра замежных справаў Беларусі Алена Купчына

«Пытаньне са спрашчэньнем візавага рэжыму не застапарылася, — заяўляла Купчына. — Будуць праводзіцца тэхнічныя кансультацыі ў найбліжэйшы час. Там ёсьць пытаньні, якія пакуль адкрытыя і з боку Беларусі, і з боку ЭЗ у сьвятле новай міграцыйнай сытуацыі ў Эўропе ў тым ліку».

Купчына тлумачыць, што перамовы пачыналіся, калі сытуацыя ў Эўропе была «адносна бясьпечная», але цяпер Беларусь найбольш турбуе пагадненьне пра рэадмісію: Беларусь гатовая ўзяць на сябе абавязальніцтва пра рэадмісію грамадзянаў трэціх краінаў (напрыклад, расейцаў, якія празь Беларусь уехалі ў Польшчу, але адтуль мусяць быць дэпартаваныя ў Расею з удзелам Беларусі. — РС), але хацела б пераходны пэрыяд у тры гады, які ёй сёньня не прапануюць. Такі пераходны тэрмін прапаноўвалі Расеі, Украіне і Турэччыне, згадвае яна.

Пытаньне рэадмісіі галоўнае, але Купчына адзначае, што справа ня ў тым, што Беларусь не гатовая выконваць абавязальніцтвы, а ў тым, хто «хоча выконваць іх годна».

Таксама Эўразьвяз хоча дадатковыя гарантыі ў бясьпецы беларускіх дыпляматычных пашпартоў. Але Эўразьвяз ня ставіць патрабаваньнем укараненьне біямэтрычных пашпартоў для ўсіх грамадзянаў дзеля спрашчэньня візавага рэжыму.