Міністэрства юстыцыі Чэхіі абвясьціла, што ЗША і Расея патрабуюць экстрадыцыі Яўгена Нікуліна — 29-гадовага грамадзяніна Расеі, які быў арыштаваны ў Празе паводле абвінавачваньня ЗША ў хакерстве і крадзяжы дадзеных.
Прадстаўнік міністэрства юстыцыі Чэхіі паведаміў агенцтву ЧТК 23 лістапада, што абедзьве просьбы будуць вывучаныя міністэрствам, перш чым справа будзе перададзена ў чэскі суд.
Чэская паліцыя арыштавала Нікуліна 5 кастрычніка на просьбу Злучаных Штатаў паводле абвінавачваньня ў тым, што ён узламаў базы дадзеных інтэрнэт-кампаній Linkedin, Dropbox і Formspring.
Нікуліну выстаўлены шматлікія абвінавачваньні ў Злучаных Штатах, якія ўключаюць кампутэрны ўзлом, а таксама крадзеж асабістых дадзеных.
Расейскія афіцыйныя асобы раней заявілі, што спрабуюць прадухіліць выдачу Нікуліна ў Злучаныя Штаты.