Турэцкі ўрад адклікаў спрэчны законапраект наконт дзіцячых шлюбаў

Пратэст у Анкары супраць спрэчнага законапраекту.

Пасьля грамадзкіх пратэстаў турэцкі ўрад адклікаў законапраект, паводле якога мужчыны маглі пазьбегнуць адказнасьці за распусныя дзеяньні з малалетнімі ў выпадку, калі злачынца ажэніцца з ахвярай.

За некалькі гадзін да канчатковага галасаваньня прэм’ер-міністар Турэччыны Біналі Йылдырым паведаміў, што ўрад адсылае законапраект на дапрацоўку ў камісію па сямейных справах. Яшчэ некалькімі гадзінамі раней прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган заявіў, што ў гэтым пытаньні трэба шырокі кансэнсус.

Узрост згоды ў Турэччыне 18 гадоў, хоць грамадзянскія суды могуць дазволіць шлюбы ад 16 гадоў. Шмат маладзейшых бяруць шлюб раней ў ісламскай цырымоніі.

Прапанаваныя зьмены ў законе выклікалі абурэньне, і тысячы людзей выйшлі з пратэстамі на вуліцы турэцкіх гарадоў 19 лістапада.

Урад тлумачыў, што прапанаваны закон дазволіць пазьбегнуць выпадкаў, калі мужчыны трапляюць у турму за шлюб зь дзяўчатамі маладзейшымі за 18 гадоў, нават калі ёсьць згода двух бакоў і іх бацькоў.

Праціўнікі законапраекту казалі, што гэты законапраект фактычна легалізуе сэкс зь непаўналетнімі ў тых выпадках, калі злачынца ажэніцца з ахвярай, і гэта будзе ўдарам па намаганьнях прадухіліць дзіцячыя шлюбы і сэксуальнае разбэшчваньне дзяцей.

У Турэччыне адзін з найвышэйшых у Эўропе ўзроўняў шлюбаў зь непаўналетнімі. Прыблізна 15 працэнтаў дзяўчат выходзяць замуж да 18 гадоў. Лічыцца, што рэальная лічба яшчэ вышэйшая, бо большасьць такіх шлюбаў афіцыйна не рэгіструецца.