The Guardian паведамляе, што справу ў суд унесла маці дзяўчынкі. Бацька, які разьведзены з маці дзяўчынкі, пачаткова выступаў супраць гэтай працэдуры.
Паводле брытанскага выданьня, падчас сваіх апошніх месяцаў жыцьця дзяўчынка, у якой было рэдкае анкалягічнае захворваньне, шукала ў інтэрнэце інфармацыю пра крыягеніку. Перад сьмерцю яна напісала ліст у суд:
«Мне ўсяго 14 гадоў і я не хачу паміраць, але ведаю, што мушу памерці. Я лічу, што захаваньне цела пры дапамозе крыягеннай тэхнікі дае мне шанец вылечыцца і вярнуцца да жыцьця, нават праз сотні гадоў. Я не хачу, каб мяне пахавалі ў зямлі. Я хачу жыць, жыць даўжэй, і я лічу, што ў будучыні могуць знайсьці лекаваньне ад майго раку і вярнуць мяне да жыцьця. Я хачу мець гэты шанец. Гэта маё жаданьне».
Судзьдзя Пітэр Джэксан, які наведаў дзяўчынку ў шпіталі, калі яна яшчэ жыла, напісаў у сваім рашэньні:
«Я быў крануты мужнасьцю, зь якой яна глядзела ў твар свайму наканаваньню. Ня трэба зьдзіўляцца, што гэты пазоў — адзіны ў сваім родзе, што тычыцца судоў у нашай краіне, і, магчыма, ва ўсіх іншых краінах. Гэта прыклад новых пытаньняў, якія навука ставіць перад заканадаўствам, перш за ўсё перад сямейным заканадаўствам».
Цела дзяўчынкі было крыягенна замарожанае ў Вялікабрытаніі адразу пасьля сьмерці, а пасьля судовага рашэньня перавезенае ў ЗША, дзе камэрцыйная кампанія абавязалася перахаваць яго «на вечныя часы» за суму 45 тысяч даляраў.