Новаабраны прэзыдэнт Баўгарыі гатовы "зрабіць усё" для адмены санкцый супраць Расеі

Новаабраны прэзыдэнт Баўгарыі Румэн Радэў паабяцаў зрабіць усё для адмены санкцый Эўразьвязу супраць Расеі, уведзеных праз анэксію Крыма і ролю Масквы ва ўзброеным канфлікце на Данбасе.

«Многія краіны абвясьцілі пазыцыю аб адмене санкцый супраць Расеі. Я буду ў цесным супрацоўніцтве з урадам за адмену санкцый», — цытуюць Радэва баўгарскія СМІ.

Другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Баўгарыі адбыўся 13 лістапада. Па дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі Баўгарыі, за Радэва прагаласавалі больш за 59% выбаршчыкаў.

Яго апанэнт — сьпікер парлямэнта Цэцка Цачэва, якая прадстаўляла кіруючую партыю «Грамадзяне за эўрапейскае разьвіцьцё Баўгарыі», — атрымала крыху больш за 36% падтрымкі выбаршчыкаў.